1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Замест турыстаў па Новым свеце ў Гародні будуць гуляць багатыя масквічы

Гарадзенскія ўлады робяць захады да “упарадкавання” Новага свету – унікальнага квартала, забудова якога распачалася больш за сто год таму. Планы чыноўнікаў выклікаюць пратэсты сярод абаронцаў гарадзенскай спадчыны.

default

Выдатны прыклад драўлянай эклектыкі – былую пякарню Любэга - гарадзенскія ўлады збіраюцца знішчыць.

Новы свет на крэсах цэнтра Гародні – гэта невысокія дамкі з натуральнай дахоўкай, выразанымі франтонамі, ганкамі ды ваконнымі ліштвамі. У Беларусі больш нідзе няма такіх шыкоўных катэджных раёнаў пачатку XX стагоддзя.

“Вельмі прыгожыя дамкі ў стылі так званага драўлянага народнага мадэрна. Гэта вуліцы, якія былі пабудаваныя да Першай сусветнай вайны. А другая частка была пабудаваная ўжо ў 30-я гады мінулага стагоддзя. І там вельмі стыльныя прыклады канструктывізма, эклектыка пад барока”, - гісторык Ігар Лапеха лічыць, што і для Еўропы Новы свет - з’ява надзвычайная. Ён падрабязна вывучаў еўрапейскую архітэктуру і, прынамсі, не сустракаў прыкладаў драўлянага канструктывізма.

20 год на чамаданах

Але ўлады хочуць пакінуць у Новым свеце толькі моцныя цагляныя камяніцы. Жыхароў квартала ўжо 20 год пужаюць: будзем зносіць. Тут павінна прайсці новая аўтамагістраль. Асягнуць маштабы магчымых стратаў спрабуе Ігар Лапеха: “28 дамоў толькі па вуліцы Горкага. 9 з іх знесена было. Акрамя гэтага ёсць вуліцы 17 верасня, Міцкевіча, Рэйманта… Там дамоў значна болей”.

Паводле прадстаўніка Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага, “гэта не гісторыка-культурная каштоўнасць, а тэрыторыя, вызначаная як зона рэгулявання забудовы”. Гісторык Лапеха даводзіць, што з ахоўнай зоны Новы свет Навукова-метадычная рада па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны вывела толькі ў красавіку мінулага года: “І мы хочам дакапацца да гэтага, бо хутчэй за ўсё, вывелі не па законнай працэдуры”.

Тут мог быць беларускі скансэн

У Новым свеце жылі раней знакамітыя гарадзенцы: лекар Беклемішаў, стваральнік заапарка Ян Каханоўскі. Тут прайшлі дзіцячыя гады класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. З гісторыкам Алесем Краўцэвічам мы ідзем паўз забудову 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Падчас другой Рэчы Паспалітай тут жылі польскія чыноўнікі. “Вось драўляны асабнічок, вельмі цікавы. І там на куце, дзе пустое месца, быў дом такім цэнтрам кампазіцыі. Яго проста знеслі. Знішчылі. Гэтую хатку трэба, канешне, перакрыць з шыфера на даховачку. Але таксама атмасфера”.

Насуперак уладам Алесь будуе ўласныя планы. Як і многія гарадзенцы, ён лічыць, што Новы свет – сапраўдны музей пад адкрытым небам. Калі адчыніць тут кавярні, мастацкія галерэі ды невялічкія гатэлі - раён будзе вабіць турыстаў. Жыхары “музея” гатовыя досыць рашуча адстойваць сваё права жыць у Новым свеце. Паводле спадара Краўцэвіча, для скансэна гэта было б толькі лепей. “Чэскія рэстаўратары імкнуцца аднавіць дом і вярнуць туды людзей: каб бялізна сушылася на вяроўках, каб бабкі сядзелі. Гэта жыццё. Гэта галоўная мэта любой рэстаўрацыі – вярнуць будынку аўтэнтычную функцыю”.

Актывісты кампаніі ў абарону спадчыны Гародні настойваюць на наданні архітэктурнаму комплексу статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Тым часам улады рыхтуюцца да знішчэння двухпавяховага дома з мансардай, дзе калісьці жылі польскія лётчыкі. Запланаваны знос і выдатнага прыкладу драўлянай эклектыкі – былой пякарні Любэга. Новы свет - вельмі выгоднае месца для ўзвядзення дамоў для багатых – і месца ціхае, і цэнтр горада побач. Чыноўнікі ўжо прагаварыліся, што “упарадкоўваць” стары Новы свет будуць некалькі сур’ёзных інвестараў. Сярод іх - урад Масквы.