1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Замест падтрымкі – рашучая адмова

У Беларусі палітычныя партыі вызнаюць цяжкасці і тады, калі жадаюць дапамагчы канкрэтным людзям. Партыя БНФ спрабавала аказаць гуманітарную дапамогу дзіцячаму прытулку ў Мядзелі, але атрымала адказ ад мясцовых ўладаў.

default

Яшчэ перад 20-мі ўгодкамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Партыя БНФ абвесціла пра збор ахвяраванняў для дзіцячых дамоў, інтэрнатаў і прытулкаў. Паводле словаў старшыні партыі Вінцука Вячоркі, у офіс арганізацыі пацягнуліся дзесяткі грамадзянаў, якія прыносілі цацкі, новую вопратку, музычныя запісы і кніжкі, гульні для дзетак.

Першая частка сабраных рэчаў была адвезеная ў дзіцячы онка-гематалагічны дыспансэр у Бараўлянах пад Мінскам. Пазней, паводле Вінцука Вячоркі, былі яшчэ іншыя дзіцячыя ўстановы. “З вялікай удзячнасцю дактары і педагогі, маленькія хворыя прымалі гэту нашую дапамогу, але гэтыя самыя дактары і адміністрацыя дужа ж нас прасілі: толькі ж вы не публікуйце ні гарадоў, ні назваў установаў, ні нашых імёнаў, таму што нас могуць няправільна зразумець”, - гаворыць Вінцук Вячорка.

Рашучая адмова

Актывісты вырашылі пашырыць геаграфію паставак дапамогі, бо, з іх меркаванняў, непадалёк ад сталіцы дапамога больш-менш паступае і ад дзяржаўных установаў, і ад замежных дабрачынных арганізацыяў. Мадзельскія сябры партыі прапанавалі ахапіць дапамогаю мясцовы сацыяльны прытулак.

Аднак не тут та было, кажа лідэр БНФ. Даведаўшыся, што такая дапамога была б нялішняй мядзельскаму прытулку, ен напісаў ліст на імя спадарыні Гярновіч, нямесніцы кіраўніка мядзельскае вертыкалі, “думаючы, што яна, так як і мы ўсе, дбае пра нашых людзей, дзяцей, што мы ўсе разам хочам ім дабра. Я папрасіў яе ўзгадніць намэнклатуру патрэбных рэчаў і магчымую дату нашага прыезду. На маё здзіўленне, мы атрымалі цвёрдую рашучую адмову”.

Страх за крэсла пераважае

У лісце, апроч іншага адзначалася: “Матэр’яльная база сацыяльнага прытулку штогод паляпшаецца… Сыходзячы з гэтага, Мядзельскі раённы выканаўчы камітэт не бачыць неабходнасці ў прыцягненні розных арганізацыяў для аказання гуманітарнае дапамогі дзіцячаму сацыяльнаму прытулку гораду Мядзель”.

Вінцук Вячорка мяркуе, што гэта самая банальная перастрахоўка, калі чыноўнік сам не можа прыняць ніякага рашэння, не баючыся за сваё крэсла, а, значыць, інтарэсы людзей, яму давераных, і пра інтарэсы якіх ён абавязаны дбаць, страх за крэсла пераважае. Людзі на другім ці на трэцім месцы.

Лёс “чарнобыльскіх” дзяцей турбуе ўсіх

Палітык адзначыў, што сёння вельмі шмат людзей гатовыя аказваць дапамогу сваім суайчыннікам, якія апынуліся ў найцяжэйшым становішчы. “Ясна, што беларусы на парадак бяднейшыя за жыхароў демакратычных еўрапейскіх краінаў, але нашыя людзі маюць чулае сэрца, і лёс дзяцей, асабліва тых дзетак, якія трапілі ў выніку наступстваў Чарнобыля ў анкалагічную бяду, усіх турбуе”, - адзначае Вінцук Вячорка і дадае: “Турбуе ўсіх і лёс дзяцей-сіротаў, і людзі ахвяруюць тое, што могуць. І нам трэба цаніць іх гэты парыў і абавязкова яго захоўваць і заахвочваць“.

Вінцук Вячорка паабяцаў, што яго арганізацыя і надалей будзе займацца гуманітарнай дапамогай людзям, якія маюць у ёй патрэбу. „Мы абавязкова будзем гэта рабіць. Мы неўзабаве павядзем дапамогу яшчэ ў адзін прытулак у Беларусі, але мы ўжо не будзем пісаць ніякіх лістоў, а проста павязем і падаруем рэчы дзецям“.