1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Еўрапейскі марш завяршыўся - Еўрапейскі марш працягваецца!

24 студзеня прадстаўнікі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, а таксама шэрагу праеўрапейскіх грамадскіх ініцыятыў абвясцілі аб пачатку кампаніі "Еўрапейская Беларусь".

default

Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, лідэр незарэгістраваных Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) і Еўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч, каардынатар грамадскай ініцыятывы "Хартыя'97" Андрэй Саннікаў і кіраўнік незарэгістраванага Еўрапейскага руху Міхаіл Марыніч абвясцілі аб пачатку кампаніі "Еўрапейская Беларусь".

Доўгатэрміновая кампанія

Былы міністр знешнеэканамічных сувязяў Беларусі Міхаіл Марыніч адзначыў, што Еўрапейскі марш стаўся для грамадскасці, праеўрапейскіх, прадэмакратычных сілаў знакавай падзеяй.

"Вось чаму я тут... і выступаю разам са сваімі калегамі ў гэтай шляхетнай грамадскай ініцыятыве "Еўрапейская Беларусь", - гаворыць Міхаіл Марыніч.

Былы кіраўнік аргкамітэту Еўрапейскага маршу Віктар Івашкевіч патлумачыў, што з ініцыятывай аб правядзенні кампаніі "Еўрапейская Беларусь" выступаюць не чатыры палітыка - яе падтрымалі Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы. Спадар Івашкевіч таксама агучыў мэты кампаніі. Па яго словах, пасля правядзення Еўрапейскага маршу восенню мінулага года была заяўлена, што гэта не разавая акцыя - гэта доўгатэрміновая кампанія, і задачай гэтай акцыі ёсць...

"Дамагчыся, каб Беларусь увайшла ў Еўрапейскі Звяз, і на бліжэйшы час, каб падштурхнуць выкананне 12 прапановаў Еўрапейскага звязу", - дадае былы кіраўнік аргкамітэту Еўрапейскага маршу .

Матывацыя праз "еўрапейскі шанс"

Кіраўнік Еўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч агучыў шмат аргументаў на карысць уваходжання Беларусі ў склад ЕС. Сярод іх і гарантаванне палітычнай незалежнасці, і пашырэнне стандартаў еўрапейскага дабрабыту на Беларусь, але найбольш цікавым выглядаў аргумент аб стварэнні матывацыі для рэформы.

"Як навуковец у мінулым, які працаваў на стыку дысцыплін (я займаўся сістэмамі кіравання), я вам скажу, што матываваная і нематываваная чалавечая дзейнасць можа на парадак розніцца ў эфектыўнасці".

І зараз, па словах Міколы Статкевіча, Беларусі трэба матывацыя для дэмакратыі, матывацыя да пераменаў.

"І гэтую матывацыю здольны стварыць у грамадстве еўрапейскі шанс - наблізіцца да Еўропы і атрымаць той узровень жыцця, які маюць еўрапейцы", - тлумачыць кіраўнік Еўрапейскай кааліцыі .

Заснавальнікі "Еўрапейскай Беларусі" першым сваім крокам назвалі збор подпісаў беларускіх грамадзян, каб мець магчымасць паказаць кіраўніцтву ЕС жаданне беларускага народа да ўступлення ў Еўрасаюз. Запланаваныя таксама вулічныя акцыі - 25-га сакавіка і 1-га траўня.

Шмат нагодаў для дзеянняў

Як патлумачыў Мікола Статкевіч, заснавальнікі Беларускай народнай рэспублікі былі еўрапейскімі палітыкамі, таму Дзень волі 25-га сакавіка можа праходзіць пад лозунгамі еўрапейскай інтэграцыі, акрамя таго менавіта 25-га сакавіка 1957 году былі падпісаны Рымскія пагадненні, якія сталіся юрыдычным падмуркам ЕС.

9-га траўня 1950 году міністр замежных спраў Францыі Роберт Шуман агучыў ідэю новага палітычнага ўладкавання Еўропы, ў гонар чаго заснаваны Дзень Еўропы. А 1-га траўня 2004 году ў ЕС пачаў пашырэнне і наблізіўся да беларускіх межаў. Такім чынам, травень можа зрабіцца гарачым месяцам для беларускіх інтэгратараў - хапае нагодаў для дзеянняў!

І апошняе. Як прызнаўся намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, на сёлетнія парламенцкія выбары Аб'яднаныя дэмсілы збіраюцца ісці пад лозунгамі еўрапейскай інтэграцыі.

Контекст