1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Еўразвяз будзе сачыць за судом над Баразенкам

Як заявіла камісар па знешніх сувязях Еўрапейскай камісіі, Еўрапейскі Звяз будзе пільна сачыць за крымінальным працэсам над апошнім фігурантам “Справы 14-ці” Аляксандрам Баразенкам, які пачнецца 8 снежня ў Мiнску.

default

Замест заяўленага раней суддзі Валерыя Есьмана, які падпаў пад абвінавачанні з боку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі пад час нарады па пытаннях барацьбы з карупцыяй, працэс будзе весці суддзя Наталля Вайцяховіч.

Аляксандра Баразенку будуць судзіць за ягоны ўдзел у масавых вулічных акцыях пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў, якія адбыліся ў беларускай сталіцы ў студзені бягучага году. Па гэтай справе да буйных штрафаў ці абмежавання волі ўжо асуджаныя 13 чалавек.

Беларускія праваабаронцы, як заявіў у інтэв’ю DW-RADIO старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту юрыст Алег Гулак, спадзяюцца на здаровы сэнс правасуддзя і на справядлівы вырак. "Аналізуючы тое, што было зроблена па "Справе 14-ці" да гэтага, тыя прысуды, якія ёсць, то, на нашу думку, санкцыі прымяняюцца неадэкватныя. Тут увогуле можна гаварыць аб складзе адмінсітрацыйнага правапарушэння, а не крымінальнага".

На думку Алега Гулака, такія жорсткія санкцыі не адэкватныя той сітуацыi, якая адбывалася. "Мы, канешне, спадзяемся, што суд над Баразенкам будзе лепшы, чым мінулыя, таму што ў краіне зараз, скажам, крыху іншая атмасфера. Чаго чакаць? Я думаю, што пакаранне не будзе звязанае з пазбаўленнем волі, нават улічваючы тое, што ён зараз знаходзіцца пад вартай", - адзначыў старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту.

Кожны вечар актывісты дэмакратычных моладзевых арганізацыяў ля сцен мінскага следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ладзяць акцыі салідарнасці з Аляксандрам Баразенкам. Апошнімі днямі гэтыя акцыі завяршаліся затрыманнямі іх удзельнікаў супрацоўнікамі праваахоўных органаў. (гк)

Также по теме