1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Дэмакратычныя актывісты пачалі падрыхтоўку да Дня Волі

У сераду ў Мінгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне ў сталіцы шэсця і мітынга 25 сакавіка на 90-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці БНР. Заяўнікамі выступілі лідэры вядучых дэмакратычных партыяў і рухаў Беларусі.

default

Адзін з заяўнікаў акцыі 25 сакавіка, старшыня Цэнтральнага аргкамітэту Народнай грамады (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі) і каардынатар Еўрапейскае кааліцыі Мікалай Статкевіч паведаміў, што дэмакратычным суб’ектам атрымалася дасягнуць пагаднення наконт фармату будучай акцыі.

Ён адзначыў, што для Еўрапейскае кааліцыі і Народнай грамады гэта кампраміснае рашэнне, “таму што мы былі ўвогуле супраць таго, каб падавалася заяўка. Лёс такіх заявак вядомы – будуць доўга думаць, а потым адправяць на плошчу Бангалор. Акрамя таго, для мяне асабіста гэта прыніжальна – пісаць ліст з просьбаю да людзей, якіх я глыбока не паважаю, якія нічога не вырашаюць, але любая супольная дзейнасць ёсць кампраміс, таму аргкамітэт па падтрыхтоўцы гэтае акцыі прыйшоў да пэўнага кампрамісу, і мы гэты кампраміс прымаем”, - адзначыў каардынатар Еўрапейскае кааліцыі.

Важнасць кансалідацыі

Як запэўніў каардынатар Мікалай Статкевіч, Еўрапейская кааліцыя, якая выступіла адным з ініцыятараў кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, вельмі шырока скарыстае гэтую акцыю дзеля прапаганды еўрапейскае будучыні Беларусі, еўрапейскага шансу для Беларусі, таму што тыя людзі, якія 90 гадоў таму абвяшчалі Беларускую Народную Рэспубліку, былі еўрапейскімі палітыкамі і бачылі нашую краіну годнай еўрапейскай дзяржавай.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька засяродзіў увагу на неабходнасці кансалідацыі здаровых сіл напярэдадні кампаніі па адзначэнні юбілею БНР і на арыентацыі будучых акцыяў на перспектыву. Ён лічыць вельмі важным, каб усе мерапрыемствы былі скіраваныя не толькі на гістарычны аспект, , але і да дня сённяшняга і будучыні. «Зараз вельмі важна, каб інфармацыйныя кампаніі, якія праводзяцца па еўрапейскай, па сацыяльнай тэматыцы, актыўнасць тых жа самых прадпрымальнікаў накіраваць у агульнае рэчышча. І вельмі важна, калі мы гаворым пра вулічны аспект 25-га, каб яны ўсе сышліся ў гэты дзень у адзін час у адзіным месцы», - падкрэсліў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Юбілей – не толькі акцыя 25 сакавіка

Як паведаміў першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, сёлета адзначэнне Дня волі не абмяжуецца толькі мітынгам і шэсцем 25-га сакавіка. Аргкамітэт па адзначэнні 90-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі плануе правесці ў першую чаргу Форум “За незалежнасць”, які мае на ўвазе шырокую грамадскую дыскусію на старонках газет і часопісаў, а таксама ў інтэрнет-выданнях па пытаннях пагрозаў, небяспекі і шанцаў беларускай незалежнасці па трох тэматычных кірунках: эканоміка, з асаблівым акцэнтам на энергетычную бяспеку Беларусі, геапалітычнае становішча дзяржавы і яе вайсковая бяспека, і трэці кірунак – культурная, адукацыйная і інфармацыйная бяспека, культурная і моўная ідэнтычнасць, перспектывы выжывання, развіцця і росквіту мовы, культуры і, як след, – беларускае нацыі.

Апроч таго, Вінцук Вячорка акцэнтаваў увагу прысутных на міжнародным аспекце адзначэння юбілею беларускай незалежнасці. “Прапанова ў наступным – зладзіць у Еўрапейскім парламенце “Беларускі тыдзень” напярэдадні 25-га сакавіка, які меў бы быць уганарваны ўзняццём нашага нацыянальнага сцягу ў Еўрапарламенце ці перад ім, які меў бы складацца з палітычнае часткі, экспертных дыскусій і культурных падзеяў”, - адзначыў Вінцук Вячорка. Па ягоных словах, першая рэакцыя была пазітыўная, цяпер разглядаюцца арганізацыйныя магчымасці, звязаныя з графікам паседжанняў Еўрапарламента. “Ці будзе гэта Брусэль, ці будзе гэта Страсбург – гэта будзе неўзабаве вырашацца”, - упэўнены першы намеснік старшыні Партыі БНФ.

Як паведамілі заяўнікі акцыі 25 сакавіка, збор удзельнікаў запланаваны на 18-ю гадзіну ля будынку філармоніі на сталічнай Плошчы Якуба Коласа, потым шэсце па Праспекце Незалежнасці з ускладаннем кветак да помнікаў славутых беларусаў і мітынг ля помніка Максіму Багдановічу перад Оперным тэатрам. А вядомы паэт Уладзімір Някляеў прапанаваў нават свой варыянт гімну да 90-х угодкаў БНР.

Лунае, нескароны на векавых вятрах,

Наш ад крыві чырвоны

Ад болю белы сцяг.

Бясконца наша мара аб свабодзе

Вядзе нас па зямлі, па вадзе.

Як сонца, што ніколі не заходзе,

Як зорка, што ніколі не ўпадзе…