1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Дэмакратычнага актывіста пакаралі арыштам на 12 сутак

17 сакавіка у Савецкім райсудзе Мінску адбыўся працэс над актывістам моладзевага дэмакратычнага руху Зміцерам Каспяровічам. У сябра "Маладога Фронту" сканфіскавалі друкаваныя матэр’ялы і звінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.

default

Зміцера Каспяровіча прывезлі ў суд пад канвоем са спецпрыёмніка-размеркавальніка на сталічнай вуліцы Акрэсціна, дзе актывіст правёў двое сутак. Як распавёў “Нямецкай хвалі” перад пачаткам працэсу сам звінавачаны, яго затрымалі прыкладна аб 11-й гадзіне ў мінулую суботу ў цэнтры Мінску супрацоўнікі ДПС, якія перакрылі яму дарогу адразу на трох аўтамабілях.

Спачатку ў Зміцера запыталіся належныя для любога кіроўцы прылады – аптэчку, вагнетушыльнік, знак аварыйнага прыпынку. Але гэта, як падкрэсліў актывіст, было зроблена для праформы, бо пасля гэтага ў яго запатрабавалі адчыніць багажнік, дзе знаходзіліся пакункі з налепкамі “Малады Фронт” і “Еўрапейская Беларусь” – амаль сто трыццаць тысяч асобнікаў. Маладзёна адразу даставілі ў міліцэйскі пастарунак, дзе склалі пратакол. Зміцер Каспяровіч перакананы, што ягонае затрыманне было не выпадковым.

Была “наводка”

“Відаць, што была “наводка” на мае нумары, затрымалі для праверкі дакументаў, знайшлі друкаваную прадукцыю, але ў самім факце захоўвання друкаванай прадукцыі няма ніякага парушэння. Таму ў апошні момант, калі мяне сабраліся ўжо адпускаць, рэзка з’явіўся пратакол, у якім было пазначана, што я нібыта лаяўся матам на супрацоўнікаў ДПС. Гэта ўжо звычайная схема, адпрацаваная на ўсіх дэмакратычных актывістах”, - кажа Зміцер Каспяровіч.

Паводле словаў Каспяровіча, які да таго ж з’яўляецца і кіраўніком мінскага аддзялення Рэспубліканскага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, самі супрацоўнікі праваахоўных органаў усведамляюць бязглуздасць іх дзеянняў:

“Было бачна, што супрацоўнікам міліцыі гэта вельмі не падабаецца, начальнік РУУС Савецкага раёну хадзіў увесь на нервах. Было відаць, шть яму зверху далі каманду, і рашэнне прымаў не ён. Сапраўды шкада, што сумленных супрацоўнікаў міліцыі, якія прыйшлі бараніць закон, саміх прымушаюць парушаць закон і ўдзельнічаць у ілжэсведчанні. Я спадзяюся, што ў недалёкай перспектыве гэта ўсё разваліцца, таму што не можа ўся сістэма будавацца на такой хлусні. Людзі проста не вытрымаюць”.

Праблемы са здароўем

Варта адзначыць, што ў Змітра Каспяровіча, у якога толькі паўтары месяцы таму нарадзілася дачка, істотныя праблемы са здароўем, пра што маецца і адпаведная медычная даведка: “У мяне люмбага і міжпазванковая грыжа. Пакуль яшчэ магу хадзіць, але калі быў апошні прыступ, я тры дні ляжаў і не мог нават хадзіць”.

Актывіст аппазіцыйнага руху Цімафей Дранчук упэўнны, што затрыманне Зміцера Каспяровіча звязана з яго палітычнай дзейнасцю: “Абсалютна відавочна, што яго затрымалі перад 25 сакавіка. У нас ужо распаўсюдзілася такая практыка, што грамадскіх актывістаў, якія здольныя арганізаваць нейкую акцыю, ізалююць перад акцыяй, каб яны не маглі ў ёй удзельнічаць. Ведаючы Зміцера як актыўнага грамадскага дзеяча, яны яго і арыштавалі”.

Міхалевіч застаўся без кампенсацыі маральнага ўрону

Той жа суд Савецкага раёну Мінску ў панядзелак адхіліў зыск намесніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча да органа Адміністрацыі прэзідэнта газеты “Советская Белоруссия” і яе галоўнага рэдактара Паўла Якубовіча. Нагодай для звароту палітыка ў суд стаў артыкул «Крутой мираж», надрукаваны ў газеце 11 студзеня 2008 году і падпісаны Арцёмам Чалядзінскім. Сярод іншага ў публікацыі былі наступныя словы: «Потому они искренне полагают, что никогда в жизни не вырастившие и тем более не продавшие ведра картошки Михалевич —Милинкевич реально помогут им в специфических предпринимательских проблемах».

Алесь Міхалевіч палічыў, што публікацыя зневажае яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, і запатрабаваў абвяржэння непраўдзівых звестак на старонках газеты і кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 6160 беларускіх рублёў - столькі каштуе новае вядро для бульбы. Цяпер сам палітык будзе змушаны аплаціць судовыя выдаткі ў памеры крыху больш за адзін еўра.