1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

«Для нас важна, каб Беларусь была вольнай і незалежнай»

Польскае таварыства «Свабодная Беларусь» (Wolna Białoruś), заснаванае летась у Варшаве, аб'яднала ў сваіх шэрагах тамтэйшых студэнтаў, што неабыякавыя да лёсу Беларусі.

«Для нас важна паказаць беларусам, усім тым, хто змагаецца за свабоду, хто штодзённа рызыкуе сваім жыццём і здароўем, што мы неабыякавыя да іх памкненняў. І нам гэта баліць. Перад вачыма ў нас польскі досвед: добра ведаем, што значыць маральная падтрымка і салідарнасць. Мы перакананыя, што кожны чалавек нараджаецца свабодным і што ніхто не мае права пазбавіць чалавека гэтай каштоўнасці. Таму, уласна, і паўстала гэтая ініцыятыва – каб усебакова падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі», - гаворыць адзін з каардынатараў праекту Ян Кенцык.

Ініцыятыва «Свабодная Беларусь» добра вядомая ў Польшчы, як арганізатар буйных акцыяў салідарнасці з Беларуссю; маніфестацыяў, прымеркаваных да выбарчых кампаніяў і мерапрыемстваў у абарону палітвязьняў. А самай паспяховай акцыяй актывісты таварыства лічаць леташні канцэрт «Салідарныя з Беларуссю», што сабраў неверагодную колькасць удзельнікаў, а яго трансляцыю мелі магчымасць бачыць мільёны палякаў.

Ян Кенцык звяртае ўвагу на тое, што: «акрамя маральнай падтрымкі беларускі х апазыцыйных дзеячаў, мы імкнемся паказаць і ўладам, што міжнародная супольнасць не згодная з тым, што дзеецца на Беларусі і што крокі ўраду навідавоку і яго рэпрэсіўныя захады і шчыраванне не застаюцца па-за ўвагай грамадзкасці».

Каардынатарка праекту Караліна Баласевіч дадае:

«Сярод паспяховых і, безумоўна, патрэбных праектаў – падтрымка студэнтаў-стыпендыянтаў, што навучаюцца тут у рамках праграмы польскага ўраду імя Кастуся Каліноўскага. Мы, можна сказаць, займаліся апекай – у добрым сэнсе гэтага слова – той моладзі, што прыехала на вучобу да Польшчы. Акрамя іншага, намі была наладжаная навучальная праграма для беларускай моладзі «Уік-энд у Польшчы» і «Школа маладога журналіста». У дадатак да гэтага ў онлайнавым рэжыме абнаўляецца сайт «Свабоднай Беларусі», мэта якога інфармаванне беларускай і міжнароднай грамадскасці аб найбольш важных падзеях у Беларусі».

Кіраўнік «Свабоднай Беларусі» Ян Геберт з'вяртае ўвагу, што ў сваёй дзейнасці арганізацыя найперш робіць акцэнт на вучэбныя і адукацыйныя праграмы для беларускіх партнёраў, а таксама на стварэнне міжнароднага рэзанансу ў справе Беларусі:

"Мы не палітычная арганізацыя і не ставім галоўнай мэтай барацьбу з Лукашэнкам. Для нас важна, каб Беларусь была вольнай і незалежнай, каб беларусы мелі права выбару і каб у краіне шанаваліся правы чалавека і элементарныя свабоды. Мы лічым, што зараз адна з галоўнейшых задач – гэта выхаванне новай беларускай эліты, таго пакалення, што прыйдзе на змену сённяшняму рэжыму і будзе кіраваць краінай. Іншымі словамі, рэчаіснасць вымагае працы ў кірунку даўгатэрміновай перспектывы. Гэткага правіла прытрымліваемся і мы ў сваёй дзейнасці» .

Ссылки в интернете