1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

"Дзяды" пройдуць легальна

Мінскія райвыканкам і гарвыканкам дазволілі правесці 2 лістапада шэсце і мітынг з нагоды Дня памінавення памерлых "Дзяды". Заяўнікі акцыі – лідэры Партыі БНФ атрымалі ад уладаў станоўчы адказ на пададзеную заяўку.

default

Сёлетнія "Дзяды" – юбілейныя. Першая акцыя адбылася роўна дваццаць год таму і была жорстка разагнаная тады яшчэ савецкімі праваахоўнымі органамі. Сёння чаканні арганізатараў, паводле словаў старшыні Беларускага народнага фронту Лявона Баршчэўскага, зусім іншыя.

"Мы спадзяемся, што акцыя пройдзе мірна, мы бачым добры знак у тым, што гэтым разам не чынілася перашкод у задавальненні заяўкі. Мы спадзяемся, што не толькі цягам бліжэйшых шасці месяцаў будуць давацца дазволы на акцыі, а 25 сакавіка таксама ўваходзіць у межы гэтых шасці месяцаў, і спадзяемся, што і далей улады не будуць дапускаць непрадуманых дзеянняў".

Светлы ўспамін

Як адзначыў Лявон Баршчэўскі, "гэтае шэсце, у першую чаргу, жалобнае, але гэтае шэсце і светлае, таму што "Дзяды" – гэта спецыфічнае народнае свята, у якім быў успамін пра душы памерлых, але гэта светлы ўспамін, таму гэта не ёсць свята, калі мы толькі памінаем. Гэта свята, калі мы дзякуем нашым Дзядам за тое, што яны былі, і думаем пра будучыню".

Намеснік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч адказаў скептыкам наконт масавасці і радыкальнасці акцыі на "Дзяды", якая, на думку некаторых, не прывядзе да зменаў у краіне і гэтак далей.

"Дадзеная акцыя адбываецца не для таго, каб змяніць рэжым, а для таго, каб прадэманстраваць, што сцяг падняты, што ніхто не здаўся, што мы працягваем барацьбу за свабоду і дэмакратыю. І я думаю, што ў гэтай акцыі возьмуць удзел прадстаўнікі розных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, а таксама розных пазіцыяў, якія агучваліся пад час апошняй парламенцкай кампаніі, - адзначае Віктар Івашкевіч. – На "Дзяды" мы ўсе павінны аб’яднацца, выйсці разам і прадэманстраваць, што мы маршыруем далей".

Кветкі памяці

Лявон Баршчэўскі нагадаў, што акцыя на "Дзяды" дваццаць год таму сталася першай масавай акцыяй у найноўшай гісторыі Беларусі.

"Мы хочам, каб гэтыя "Дзяды" прайшлі не менш людна, але больш кантрасна ў параўнанні з тымі "Дзядамі", каб мы выкарысталі нагоду тых падзей, ад якіх фактычна пайшла беларуская навейшая палітычная гісторыя, каб масток ад тых "Дзядоў" быў перакінуты ў сённяшні дзень, каб мы маглі ўзгадаць, у першую чаргу, тых людзей, якія стаялі ля вытокаў руху. На жаль, не ўсе яны тут з намі фізічна".

Акцыя пачнецца ў нядзелю а 12-й гадзіне 2 лістапада ўскладаннем кветак да магіл слынных сыноў Беларусі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі, Генадзя Карпенкі, Уладзіміра Мулявіна і многіх іншых вядомых людзей. Потым удзельнікі акцыі пройдуць шэсцем да ўрочышча Курапаты, дзе на месцы масавага знішчэння і пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій адбудзецца жалобны мітынг.

Контекст