1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Дзе ў Беларусі ўшанаваная памяць Максіма Багдановіча?

Адзіны ў краіне помнік Максіму Багдановічу са згоды Аляксандра Лукашэнкі збіраюцца перанесці з плошчы перад Нацыянальным тэатрам оперы і балета ў Мінску на задворкі. А замест яго ўзвесці фантан.

default

У Беларусі ўвогуле не так ужо і шмат месцаў, дзе ўшанаваная памяць паэта. Зрэшты, у Гародні ёсць адзін дом, дзе яго дагэтуль завуць не інакш як “наш Максім”.

Адарваны змалку ад Радзiмы, Максiм Багдановіч гадаваўся ў рускамоўным асяродку. Але здолеў думаць i пiсаць па-беларуску. У Гародні прайшлі дзіцячыя гады паэта - з 1892 па 1896-ы. "Найдаўжэйшы перыяд, дзе ён жыў на тэрыторыі Беларусі. Знайшлі магілу яго маці на могілках праваслаўных. Помнік паставілі гадоў дзесяць назад”, - гаворыць гісторык Алесь Краўцэвіч.

Да іх дакранаўся Максім

Гісторык прапаноўвае хаця б на хвілінку зазірнуць у дом № 10 на вуліцы 1 Мая, каб адчуць атмасферу, у якой гадаваўся беларускі класік. У пакоях сапраўды лунае дух Багдановічаў. Сярод арыгінальных дакументаў – першы фотаздымак Максіма, пасведчанне аб нараджэнні старэйшага брата Вадзіма і метрыкі хросту малодшых – Льва і Ніны.

“Ёсць рэчы, да якіх дакраналася рука Максіма Багдановіча”, - расказвае дырэктар музея Алена Гайко. Вось драўляная рамка для фота, якая стаяла на пісьмовым стале паэта. У ёй заўсёды быў партрэт маці. Яна памерла вельмі рана, калі Максіму не было і пяці год.

Алена Гайко ганарыцца музейнымі здабыткамі. "Гэтая гарбатная лыжачка была ва ўжытку у нашага Максіма. І гэтая рамачка, і гэтая лыжачка вельмі ўражваюць нашых наведвальнікаў, бо менавіта гэтыя рэчы і аддаюць тую аўру”.

Ну, зусім як калісьці ўразіла Марыю Апанасаўну інкруставаная драўляная шкатулка, якую даслаў ёй муж Адам Багдановіч. “Замыкалася яна на ключык. Туды можна было пакласці дакументы, фотаздымкі. Марыя Апанасаўна, аказваецца, даўно аб такой марыла”.

Як “Вянок” трапіў у дэтэктыў

Да стварэння музейнай калекцыі ў Гародні прыклала руку і вядомая беларуская паэтка Ларыса Геніюш. Нават свае вышыванкі перадала, на якіх валошкі - кветкі, што так падабаліся Максіму. Але рарытэтны зборнік вершаў Багдановіча “Вянок” 1913 года выдання Ларыса вырашыла пакінуць у спадчыну свайму сыну Юрку, што жыў за мяжой. З кніжкай, нагадвае Алена Гайко, адбылася амаль дэтэктыўная гісторыя.

Па смерці паэткі Юрка збіраўся перавезці “Вянок” у Польшчу. “Але ж на мытні канфіскуюць гэты “Вянок” і ён трапіць усё роўна ў музей. Калі Ларыса Геніюш там, на нябёсах, гэта ўсё бачыць, то я думаю, яна не ў крыўдзе. Бо мы кожную экскурсію ўзгадваем і яе імя ў звязцы з гэтым “Вянком” Максіма Багдановіча”.

Музы класіка

Жывым класікам Багдановіч стаўся ў 20 гадоў. Але некаторыя з наведвальнікаў адкрываюць для сябе паэта толькі тады, калі экскурсавод пачынае цытаваць: “І толькі надпіс Вераніка”... “А, дык гэта той Багдановіч, які “Вераніку” для “Песняроў” напісаў?”

Самы час расказаць, хто натхняў Багдановіча на вершы. У класіка беларускай любоўнай лірыкі было, па меньшай меры, тры музы – стрыечная сястра Ганна Гапановіч, Ганна Какуева, закаханасць у якую ў Максіма была наймацнейшай, і крымская знаёмая Кіціцына.

У год выхаду “Вянка” на парозе яго дома з’явілася Ганна Гапановіч, Нюта. “І Максім адразу кінецца да яе і захоча падарыць ёй свой зборнік. Але яна скажа, што не ведае добра беларускай мовы. Тады Максім запіша ў вучнёўскі сшытак пераклад 22 вершаў з “Вянка” і нямецкую прымаўку возьме як эпіграф”.

Што-што, а гэтую прымаўку амаль кожны наведвальнік імкнецца не толькі паўтарыць, але і занатаваць. “Переводы стихов, словно женщины, если красивы, то не верны, если верны, то некрасивы”?

Супрацоўнікі музея ставяцца да гэтага філасофскі: пойдзе прымаўка гуляць ў народ, запытаюцца людзі, адкуль цытата, і пачуюць у адказ: “З Багдановіча!”