1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Дванаццаць жыццёвых гісторыяў студэнтаў у экзіле

Беларуская студэнтка прадставіла ў Берліне кнігу пра лёс маладзёнаў, якія бралі ўдзел у падзеях на Кастрычніцкай плошчы ў 2006 годзе і былі выключаныя з навучальных установаў, а цяпер працягваюць навучанне за межамі.

default

Каля ста чалавек сабраліся ў вядомым Берлінскім клубе "Зялёны салон", каб паслухаць чытанне аўтаркі Людмілы Асіпенкі. 24-гадовая Людміла з'яўляецца стыпэндыяткай праграмы польскага ўраду імя Кастуся Каліноўскага, па якой некалькі соцень беларускіх студэнтаў навучаюцца ў Польшчы.

Якія яны – прадстаўнікі нашага часу?

Стыпэндыяты гэтае праграмы, на думку Людмілы, у большасці сваёй – простыя людзі, якія зрабілі выбар у ключавы момант: выйсці на Плошчу і сказаць праўду. "Гэта не палітычныя лідэры, а звычайныя студэнты, прадстаўнікі нашага часу", - падкрэслівае аўтарка.

Каб расказаць пра гэтых людзей, Людміла і яе польская сяброўка Катажына Кваткоўская запісалі дванаццаць жыццёвых гісторыяў. Яны гучаць часам сумна, а часам - смешна. Як, напрыклад, гісторыя Міхася - маладога студэнта, які быў арыштаваны пад час снясення намётавага мястэчка ў сакавіку 2008. Апынуўшыся ў турме, Міхась патрабаваў лекара, адваката і святара.

"Каб паспавядацца, бо цяжка было на душы. Просьбу паўтараў пры кожнай нагодзе. Аж нарэшце дачакаўся. Яго вывелі з агульнай камеры і прывялі ў пустую "чацвёрку": "Гэта – ложак для цябе. Гэта – для лекара, гэта – для адваката. А той – для святара".

Але, як распавяла аўтарка кнігі Людміла Асіпенка, Міхась не здаўся. Ён стараўся падыходзіць да ўсяго з гумарам. Першага красавіка схаваўся ад ахоўнікаў за сценкай прыбіральні. Калі ўсхваляваныя ахоўнікі ўвайшлі ў камеру, Міша закрычаў радасна: "З днём дурня!". Толькі яны не адрозніваліся пачуццём гумару.

Міхасю, на жаль, не дапамог ягоны гумар. Адразу пасля "плошчы" юнака адлічылі з універсітэту. З цягам часу хлопец даведаўся пра праграму Кастуся Каліноўскага і паехаў працягваць навучанне ў Польшы. А пасля вярнуўся на радзіму.

Надзеі змяніліся расчараваннямі

Студэнтка Людміла Асіпенка лічыць, што маладыя беларусы, якія пасля прэзідэнцкіх выбараў мітынгавалі на Кастрычніцкай плошчы, былі выключна матываваныя надзеяй на змены ў краіне, больш за тое, у вялікай іх колькасці нават не было сувязі з апазіцыяй. А што засталося сёння ў тых юнакоў ад надзеі на змены?

"Татальнае расчараванне, прызямлэнне, цвярозасць... людзі кажуць, што нічога не зменіцца". Сама Людміла Асіпенка пакуль збіраецца скончыць вучобу за мяжою, а потым - абавязкова вярнуцца на радзіму.

Адчуванне с я бе па-еўрапейску

На пытанне, ці падабаецца ёй Заходняя Еўропа больш, чым Беларусь, дзяўчына адказвае са смехам: "Не ведаю – я сябе адчуваю вельмі па-еўрапейску ўсюды. То бок, гэта залежыць ад чалавека. Калі ў чалавека закасцянелыя мазгі – ён у Берліне будзе адчуваць сябе, як "савок".

Прадэманстраваць немцам, што Беларусь – гэта не заўсёды "савок", і было адной з мэтаў мэрапрыемства, падкрэсліваюць арганізатары. Чытанне праходзіла ў рамках фестываля Rock4Peace ("Рок за Мір"), арганізаванага недзяржаўнай арганізацыяй KulturAktiv.

Яе старшыня Мірко Сеневалт падкрэслівае, што яны стараліся быць рэалістамі ды не паказваць немцам толькі адмоўныя бакі Беларусі. Таму ладзілі, напрыклад, фотавыставу, на якой было прадстаўлена жыццё звычайных беларусаў. А на канцэртах беларускіх гуртоў немцы маглі паслухаць, як гучыць беларуская музыка андэрграўнду.

Контекст