1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Дарожнікі судзяцца з арганізатарамі Еўрапейскага Маршу

У панядзелак у судзе Савецкага раёну Мінску пачаўся разгляд зыску ўпраўлення “Рэмаўтадор” да заяўнікаў Еўрапейскага Маршу. Створаны прэцэдэнт, калі ўлады спаганяюць выдаткі за вулічную акцыю з яе арганізататаў.

default

У якасці адказчыкаў выступаюць палітыкі Анатоль Лябедзька, Аляксандр Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, а таксама моладзевыя актывісты Яўген Афнагель і Зміцер Федарук. “Рэмаўтадор” патрабуе ад заяўнікаў Еўрапейскага Маршу спагнаць больш за 2 мільёны рублеў за выдадкі па навядзенні парадку ў сталіцы пасля акцыі, якая адбылася летась 16 кастрычніка. Практычна, “Рэмаўтадор” патрабуе грошы за тое, што ён сам абавязаны рабіць па вызначэнні і за што атрымлівае грошы з бюджэту. Да таго ж, варта адзначыць, што зыск быў пададзены ў суд праз чатыры месяцы пасля Маршу.

Небяспечны прэцэдэнт

Як адзначае адзін з адказчыкаў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, ствараецца прэцэдэнт:

“Яшчэ ніколі горрэмаўтадоры не заяўлялі зыскі праз чатыры месяцы пасля таго, як праведзеная акцыя, з нейкімі матэр’яльнымі прэтэнзіямі. І я думаю, што гэты зыск звязаны з набліжэннем 25-га сакавіка. Улады хочуць накінуць яшчэ адну эканамічную ўдаўку на тых людзей, якія робяць заяўкі. Маўляў, вы робіце заяўкі на правядзенне акцыі, адкрыта і публічна, а мы выс будзем давіць не толькі дубінкай, не толькі акрэсцінскімі кратамі, але і рублём”.

Уладнае глупства

Яшчэ адзін з заяўнікаў акцыі, каардынатар кампаніі “Джынс за свабоду” Яўген Афнагель лічыць бессэнсоўным такі зыск:

“Гэта проста глупства. Таму што для ўлады нічога не дадуць гэтыя 200 даляраў з кожнага заяўніка, а толькі створаць ім адмоўны імідж. На фоне таго, што ўлада зараз спрабуе дамовіцца з Еўразвязам, гэта для яе вельмі дрэнна і вельмі адмоўна”.

Сам жа Яўген Афнагель увогуле мала чаго можа сказаць пра падзеі 16 кастрычніка:

“Я ў гэты час увогуле знаходзіўся за кратамі на Акрэсціна, таму што 8 кастрычніка, адразу пасля перамоваў у Мінгарвыканкаме з чыноўнікамі наконт правядзення Марша, літаральна праз 30 хвілінаў мяне затрымалі супрацоўнікі АМАПу. І ўвесь час, калі ішла падрыхтоўка да Марша і сам Марш, я знаходзіўся за кратамі і ніяк не мог паўплываць на яго правядзенне”.

Адвод па “еўрапейскіх матывах”

Анатоль Лябедзька на пачатку працэсу заявіў адвод суддзі Сяргею Баразне, які разгладае справу:

“Ёсць міжнародныя дакументы, у якіх зафіксавана ясная і зразумелая пазіцыя, што ў Беларусі няма незалежнай судовай сістэмы. Суддзі ўсе прызначаюцца, яны залежаць ад адной асобы, фактычна, гэта аддзел адміністрацыі Лукашэнкі. І ёсць канстытуцыйная норма, што міжнародныя дакументы і пагадненні, падпісаныя Беларуссю, маюць большую юрыдычную сілу. У адносінах да АБСЕ гэта абсалютна дакладна на сто адсоткаў. Мы з’яўляемся сябрамі АБСЕ і Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, і калі прымаецца такая рэзалюцыя, то ў мяне ёсць маральнае і юрыдычнае права рабіць такое хадайніцтва”.

Суддзя гэтае хадайніцтва чакана адхіліў.

Берамя адказнасці

Пасля гэтага лідэр АГП запатрабаваў прадаставіць яму магчымасць карыстацца паслугамі адваката і перанесці слуханне справы на больш позні тэрмін. Як высветлілася, гэта збіраўся зрабіць і сам суддзя Сяргей Баразна з прычыны адсутнасці на працэсе з-за хваробы Віктара Івашкевіча, а таксма Вячоркі і Мілінкевіча па невядомых прычынах. У выніку разгляд справы прыпынены і працягнецца 11 сакавіка, роўна за два тыдні да Дня Волі, калі ў Мінску запланавана масавая вулічная акцыя да 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Як бы ні скончыўся працэс, яго вынік, як адзначыў лідэр сталічных маладафронтаўцаў Зміцер Федарук, не паўплывае на арганізатараў іншых вулічных мерапрыемстваў:

“Наступны раз таксама пастаўлю свой подпіс пад любай заявай, я адзін з тых людзей, якія ўпэўнены, што за кожную місію, якую мы маем, за кожнае дзеянне мы мусім несці адказнасць. Я не той, хто пазбегне адказнасці, нават калі яна несправядлівая як цяпер. Трэба паказваць людзям, што ёсць тыя, хто гатовы несці адказнасць, а не проста кідацца словамі і пустасловіць. Я думаю, што гэта вельмі важная рэч”.

Дарэчы, адная з прадстаўніц “Рэмаўтадору”, якая па вядомых прычынах папрасіла не называць яе імя, прызналася, што зыск да арганізатараў Еўрапейскага Маршу менавіта цяпер з’явіўся пасля настойлівых патрабаванняў “зверху”.