1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Гістарычны центр Магілёва будзе адноўлены

Магілёўскі гісторык выступіў з нечаканай ініцыятывай па аднаўленні архітэктурнага ансамбля цэнтральнай плошчы горада. Пакуль мясцовыя навукоўцы спрачаліся ці варта гэтае рабіць, ідэю ўхваліў сам кіраўнік дзяржавы.

default

фото из архива

Архітэктурны ансамбль цэнтра Магілёва складаўся з Ратушы, губернатарскага палаца, прыватнага дома губернатара і будынка суда. Некранутым да нашых дзён захаваўся толькі былы суд, у якім цяпер месціцца абласны краязнаўчы музей. Сёлета была наноў адбудаваная і Ратуша, якая нечакана стала галоўнай архітэктурнай дамінантай.

Пра густы дойлідаў пазамінулага стагоддзя распавёў магілёўскі гісторык Ігар Марзалюк: “Пад Ратушу арганічна ўпісалі цэлы палацавы ансамбль. Архітэктар, з улікам існуючых на той момант дамінантаў, пабудаваў вельмі арганічны, вельмі прыгожы палацавы ансамбль губернатарскай плошчы. Плошчы на сённяшні дзень не стае цэласнасці, сам па сабе будынак, калі яго аднавіць, замкне гэтую разарванасць. Тым больш, што Ратуша адноўленая такой, якой яна была ў 18 і 19 стагоддзях”.

Што будзе з плошчай?

Савецкай плошчы насамрэч не стае цэласнасці пасля аднаўлення Ратушы, бо насупраць яе знаходзіцца велізарны помнік “Барацьбітам за савецкую ўладу”. Менавіта пры гэтай ўладзе будынак і быў знішчаны ў 1957 годзе.

У намесніцы дырэктара Абласнога краязнаўчага музея Вольгі Малашэнка навіна пра магчымае аднаўленне губернатарскага палаца выклікала лёгкі шок, яна нават пачала праглядаць фатаздымкі ўсіх зруйнаваных будынкаў. Пра тое, што будзе з плошчай яна баіцца і падумаць:

“Губляецца цалкам выгляд гэтай плошчы. У нас захаваліся наступныя будынкі: аднавілі Ратушу, стаіць яшчэ будынак губернскага адміністрацыйнага прызначэння і былы акруговы суд. Тады давайце прыбярэм жылы дом з кафэ “Брава” і адновім будынак казначэйства дый казённай палаты. Тады атрымаецца ўвесь ансамбль плошчы”, - адзначае Вольга Малашэнка.

Ідэю падтрымаў прэзідэнт

Музейныя супрацоўнікі не вераць, што Савецкую плошчу можна так хутка змяніць да непазнавальнасці. Але пасля наступнага каментара гісторыка ўсе пытанні адпалі самі па сабе. Узровень, на якім уздымалася пытанне падказвае, што верагоднасць адбудовы палаца досыць высокая:

“Ідэя гэтая была выказаная мной у прыватнай гутарцы са старшынёй аблвыканкама Барысам Батурам, ён у прынцыпе гэтую ідэю падтрымаў. Ну і калі было ўрачыстае адкрыццё Ратушы, у ім прымаў удзел прэзідэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Пасля наведвання Ратушы, калі мы выйшлі з будынка, я паказаў прэзідэнту пусты пляц, дзе быў губернатарскі палац – такі шыкоўны аб’ект для рэстаўрацыі і развіцця турызму. І прэзідэнт паставіўся надзвычай пазітыўна, сказаў, што гэта добрая ідэя”.

Музей Першай сусветнай вайны

Большасць мясцовых навукоўцаў досыць скептычна паставілася да ініцыятывы Ігара Марзалюка, спасылаючыся на тое, што ўлады часцяком не выконваюць абяцанае. Але сам гісторык упэўнены ў паспяховасці распачатага праекта. Па яго словах, у адноўленым будынку хутка з’явіцца музей часоў Першай сусветнай вайны:

“Не ведаю, як будзе ў будучыні, але Барыс Батура паабяцаў, што напрацягу двух гадоў гэты палац будзе адбудаваны. Гэта пакуль што не аформлена ў нейкім папяровым варыянце, але ідэя вітае, ідэя ўхваленая на самым высокім узроўні. Ініцыятыва будзе ісці і знізу, і зверху”.