1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

„Гэта як раскручванне спіралі“

Судовы працэс над актывістамі неафіцыйнага Звязу палякаў Беларусі выклікаў бурную рэакцыю польскага боку. Як улагодзіць канфлікт з нелегальным становішчам Звязу палякаў?

«Такія дзеянні беларускіх уладаў, безумоўна, ставяць за мэту запалохванне дезячоў Звязу», -- выступіла з заявай у суязі з прэсінгам актывістаў ЗБП польскае міністэрства замежных справаў.

«МЗС Польшчы выказвае глыбокі пратэст супраць захадаў беларускіх уладаў. Гэта парушае элементарныя правы нацыянальных меншасцяў, а таксама міжнародныя і еўрапейскія стандарты ў галіне правоў чалавека», -- заявіў прэсавы сакратар польскага знешнепалітычнага ведамства Анджэй Садась. Дыпламат падкрэсліў таксама, што польскі бок патрабуе неадкладнага вызвалення актывіста і заклікае спыніць усялякія рэпрэсіі супраць дзеячоў ЗПБ на чале з Анжалікай Борыс.

Польскія палітыкі на арышт актывістаў неафіцыйнага Звязу палякаў адрэагавалі хутка і катэгарычна. Разам з тым, шэраг незалежных экспертаў задаюцца пытаннем: а што, уласна, далей? Тое, што Польшча абараняе сваю меншасць на Беларусі, гэта, безумоўна, важна, але насколькі эфектыўныя падобыня заявы і як гэта вырашае і рэгулюе праблему супрацьстаяння ў прынцыпе?

Паводле меркавання былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча, у сёньняшняй сітуацыі даволі складана разлічваць на поўны кампраміс паміж афіцыйнымі Варшавай і Мінскам у пытанні Звязу палякаў. Як зазначае Машкевіч, «ілюзіяў, датычна пазіцыі беларускіх уладаў у Польшчы няма».

«Рэпрэсіі ў адносінах да польскай меншасці, відавочна, узмацняюцца. Што можа супрацьставіць гэтаму Польшча? Тут варыянтаў няшмат: па-першае, і надалей падтрымліваць Звяз палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс, па-другое, спрыяць дэмакратызацыі ўсяго беларускага грамадства. Я перакананы, што толькі пры ўмове вольнасці ўсёй супольнасці Беларусі аўтаматычна вырашыцца і праблема са Звязам палякаў.».

На пытанне: ці павінная Польшча выступаць у дадзеным пытанні больш жорстка, дыпламат заўважыў:

«Мы жывем не ў 17-ым стагодді і не можам навязваць і вырашаць палітычныя пытанні сілавым метадам – тым болей на тэрыторыі іншай дзяржавы. І ў гэтай сітуацыі Польшча, як дэмакратычная краіна, дэманструе цывілізаваныя падыходы да вырашэння вострых праблемаў. Усе крокі нашай дзяржавы занаваныя на прынцыпах дэмакратыі і права».

Меркаванне Марыюша Машкевіча цалкам падзяляе і старшыня «Беларускага гістарычнага таварыства Польшчы» Алег Латышонак:

«Я думаю, што ў гэтай сітуацыі больш жорсткія захады з боку польскага ўраду прывядуць толькі да пагаршэння сітуацыі. Гэта як раскручванне спіралі: і карэнным чынам праблему не вырашыць, а ўсяго негатыўна адаб'ецца на актывістах ЗПБ, якім і так цяпер нялёгка, і дасць дадатковы козыр для афіцыйнай беларускай прапаганды. Таму выйсце адно: ажыццяўляць польскім актывістам усебаковую падтрымку, маральна іх падбадзёрваць».