1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Грамадскасць вітала дзеяча беларускага адраджэння Аляксандра Надсана

Элементам дыялогу Беларусі і Еўропы лічыць палітолаг Валерый Карбалевіч магчымасць святкавання ў Мінску 50-годдзя святарскай дзейнасці апостальскага візытатара беларусаў-каталікоў у замежжы Аляксандра Надсана.

На думку Валерыя Карбалевіча, гэта тэндэнцыя менавіта на большае адкрыццё Беларусі перад Еўропай. "Хаця тэндэнцыя пакуль кволая, гэта вельмі маленькія касметычныя крокі, - падкрэсліў Карбалевіч.

Урачыстасць з нагоды 50-годдзя святарства вядомага ў свеце дзеяча беларускага адраджэння айца Аляксандра Надсана адбылася ў мінскім Чырвоным касцёле. Ён адмыслова прыляцеў на Беларусь з Лондану ўпершыню за 15 год, таму што беларускія ўлады адмаўлялі яму ў атрыманні візы. Прывітаць юбіляра прыйшлі вядомыя літаратары, навукоўцы, музыкі, палітыкі.

Як адзначыў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, адной з асноўных заслугаў Аляксандра Надсана ёсць адданае служэнне роднай мове. "Святарская і навуковая дзейнасць Надсана, стварэнне унікальнай бібліятэкі Францішка Скарыны ў Лондане, унікальнай царквы і унікальнага музея заслугоўвае неверагоднай ухвалы", - падкрэсліў Алег Трусаў.

Працаўнік беларушчыны

Грэка-каталіцкі святар Аляксандр Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 году ў Гарадзеі. З 1946 году жыве у Вялікабрытаніі. У 1953 скончыў матэматычны факультэт Лонданскага універсітэта, стаў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Аляксандр Надсан з’яўляецца рэдактарам часопісаў “Беларусь на чужыне” і “На шляху”, ён браў удзел у дзейнасці беларускага хрысціянскага акадэмічнага таварыства “Рунь” і Беларускага народнага незалежнага хрысціянскага руху, актыўна супрацоўнічаў з найбуйнейшым беларускім духоўным асяродкам на Захадзе - Беларускай Каталіцкай Місіяй у Вялікабрытаніі ад часу яе ўтварэння ў 1947 годзе. З восені 1953 навучаўся ў папскім Грэцкім калегіюме ў Рыме. Высвечаны на святара 23 лістапада 1958. Апроч усяго, Аляксандр Надсан ёсць старшынём дабрачыннага Чарнобыльскага фонду, ён аўтар шэрагу кніг па гісторыі Беларусі.

Па словах старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай, айцец Надсан, застаўшыся фактычна адзіным святаром на беларускую каталіцкую місію ў Лондане, наведваў беларускія суполкі ў свеце, сустракаўся з вернікамі, ладзіў службы і збіраў па беларускіх суполках кнігі для стварэння бібліятэкі. "Гэта чалавек, які перакладаў літургіі на беларускую мову, удзельнічаў у шматлікіх міжнародных канферэнцыях, чалавек, які не скарыўся, не склаў рукі, а які працягваў працаваць на карысць Беларусі", - распавяла Алена Макоўская.

Аляксандр Надсан быў адным з першых беларусаў замежжа, хто адгукнуўся на чарнобыльскую бяду яшчэ пры канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Як адзначыла старшыня дабрачыннага фонду “Сакавік”, унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч, Надсан паехаў у тыя забруджаныя мясціны, размаўляў з людзьмі і бачыў сапраўднае становішча. "Ён адзіны мог сказаць сапраўдную праўду на Захадзе пра нашу Беларусь і наш лёс, - адзначыла спадарыня Міцкевіч. - З таго часу шмат гуманітарнае дапамогі йшло на Беларусь, шмат сяброў з Ірландыі, Ангельшчыны прымалі нашых беларускіх дзяцей у сваіх сем’ях".

Сапраўдных беларусаў у Брытаніі мала

На пытанне, што ўяўляюць сабою сёння беларусы, якія жывуць у Вялікабрытаніі, айцец Аляксандр сказаў: "Ёсць розныя людзі. Ёсць людзі са старой эміграцыі, і цяпер ёсць новая хваля эміграцыі. Старая эміграцыя – гэта людзі, якая засталіся пасля вайны, бо ім не было месца ў Беларусі, але яны хацелі заўсёды застацца беларусамі. Я належу да гэтага пакалення, але нас вельмі мала засталося”.

Новыя эмігранты, па словах Аляксандра Надсана, менш пачуваюць сябе свядомымі беларусамі. "Пераважна гэта ўсё ж такі эканамічная эміграцыя – людзі хочуць сабе ўладкаваць добрае жыццё, нацыянальныя пытанні для іх на вельмі другім плане, - лічыць святар, - Ёсць адзінкі, якія засталіся беларусамі, але такіх вельмі мала”.

Паэт Генадзь Бураўкін, звяртаючыся да юбіляра, міжволі сфармуляваў жыццёвае крэда айца Аляксандра Надсана: "Выдатны ўзор шчаслівага яднання: як служыць Богу праз служэнне Беларусі, і як служыць Беларусі праз служэнне Богу".