1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Горад - легенда

Полацк, найстаражытнейшы горад Беларусі, павінен у хуткім часе стаць буйным турыстычным цэнтрам.

default

Гэта прадугледжана спецыяльнай праграмай, якая разлічаная на дзесяць гадоў. Яе прыняў Полацкі гарвыканкам.

Старажытнай беларускай сталіцы ёсць чым ганарыцца. У Полацку знаходзіцца Спаса-Прэабражэнская царква — самы стары з храмаў, які захаваўся дагэтуль у краіне. Яго ў 12-м стагоддзі пабудавала Еўфрасіння Полацкая, якая лічыцца нябеснай заступніцай Беларусі. Дарэчы, і заснаваны ёю жаночы манастыр дагэтуль дзейнічае. У ім захоўваюцца мошчы Святой Еўфрасініі. Знакаміты Полацк і сваім Сафійскім саборам, які ў 11-м стагоддзі пачынаў будаваць князь Усяслаў Чарадзей. У горадзе працуюць дзесяць музеяў. Сярод іх ёсць і такія ўнікальныя, як музей кнігадрукавання, дзіцячы і прыродна-экалагічны. Ёсць тут і свая мастацкая галерэя. Паводле словаў старшыні Саюза масткоў Беларусі Уладзіміра Басалыгі, яна з'яўляецца адной з лепшых у краіне.

Штогод у Полацк прыяжджае каля 700 тысячаў турыстаў. Падвоіць іх колькасць — вось мэта прынятай недаўна праграмы развіцця Полацка як культурна-турыстычнага цэнтра. Паводле старшыні гарвыканкаму Уладзіміра Тачылы, чакаецца, што да 2015 году колькасць турыстаў, што будзе прыяжджаць у Полацк, дасягне палутара мільёнаў чалавек за год. «Турызм павінен стаць адной з крыніцаў прыбыткаў гораду», — лічыць кіраўнік мясцовай адміністрацыі.

У планах — стварэнне сучаснага гатэльнага комплексу і сеткі аб'ектаў грамадскага харчавання. Прычым, у гэтую сферу мяркуецца прыцягнуць малы бізнэс. У Полацке пачнуць працаваць і прыватныя гатэлі. Сёлета павінен пачацца і яшчэ адзін праект — археалагічна-этнаграфічны комплекс пад адчыненым небам «Полацкі пасад». У ім будзе рэканструяваны побыт старажытных палачанаў, іх заняткі і рамёствы. Акрамя таго, запланавана рэканструкцыя манастыра. Паставяць палачане і два новыя помнікі. Адзін — свайму знакамітаму князю Усяславу Чарадзею. Другі — героям вайны 1812 году. Дарэчы, у гэтым праекце Полацку абяцаюць дапамагчы яго расійскія гарады-пабрацімы — Тосна і Электрасталь. Актыўна Полацк працуе і са Швецыяй. Нядаўна падпісаная дамова аб супрацоўніцтве з акругай Готланд гэтай скандынаўскай краіны. Так што неўзабаве турысты з Еўропы здолеюць перанесціся на тысячагоддзе назад і прайсці знакамітым шляхам «з варагаў у грэкі».