1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Галоўнае – не вопратка, а змест

З наступнага году практычна ўсе дзяржаўныя раённыя друкаваныя выданні будуць выходзіць у каляровым варыянце. Для гэтых мэтаў з дзяржаўнага бюджэту выдаткоўваецца велізарная сума.

У той жа час, недзяржаўныя выданні застаюцца ў складанейшых умовах выжывання. Адмыслоўцы лічаць, што ўлады такім чынам парушаюць Асноўны закон, які гарантуе суб’ектам гаспадарання ўсіх формаў уласнасці роўныя ўмовы.

У адпаведнасці з Комплекснай праграмай па падтрымцы дзяржаўных перыядычных друкаваных выданняў у Рэспубліцы Беларусь на 2005-2008 гады на набыццё друкарскага абсталявання плануецца выдаткаваць больш за 600 тысяч еўра. Гэтае абсталяванне будзе знаходзіцца на Віцебскай абласной друкарні і на гомельскім камунальным прадпрыемстве “Сож”. Зразумела, што друкавацца там змогуць пераважна альбо выключна дзяржаўныя выданні. Галоўны рэдактар недзяржаўнай “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук не згодны з такой пастаноўкай пытання, а менавіта з тым, што дзяржаўным газетам аказваецца такая бюджэтная падтрымка:

“Выклікае незразуменне, што на гэта менавіта трацяцца бюджэтныя грошы. У тым ліку і мае грошы як падаткаплацельшчыка. Так атрымліваецца, што мая газета плаціць шмат падаткаў, і цяпер з гэтых падаткаў яны будуць фундаваць яшчэ майго канкурэнта”.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец разумее жаданне рэдактароў выданняў друкавацца ў колеры:

“Зразумела, гэта матывавана. Іншая справа, якім чынам гэтая матывацыя супадае з Канстытуцыяй, якая гарантуе быццам бы роўныя ўмовы ўсім выданням, як дзяржаўным, гэтак і недзяржаўным. Але яшчэ ў 2002 годзе галава дзяржавы заявіў, што журналіст – гэта прафесія дзяржаўная, і звярнуў увагу рэгіянальных кіраўнікоў на тое, што незалежныя друкаваныя рэгіянальныя выданні ў шэрагу гарадоў маюць больш буйныя наклады ў параўнанні з дзяржаўнымі, і з таго часу пачалося ўкладанне сродкаў у развіццё, у першую чаргу, рэгіянальнай, але і цэнтральнай прэсы таксама”.

Андрэй Бастунец лічыць, што фінансаванне дзяржаўных выданняў з бюджэту ставіць прэсу ў няроўныя ўмовы існавання:

“Тое, што выданні могуць быць каляровыя, гэта зразумела і гэта добра. Дрэнна тое, што недзяржаўныя выднні не могуць перайсці на колер, некаторыя ўвогуле не могуць друкавацца ў тых друкарнях, у якіх увесь час абнаўляецца абсталяванне і г.д. Да таго ж, некаторыя недзяржаўныя выданні не могуць знайсці магчымасці, каб друкавацца ў Беларусі”.

Дарэчы, паводле намесніка старшыні БАЖ, 2008 год будзе не першым годам, калі на ўтрыманне дзяржаўных СМІ ў Беларусі выдаткоўваюцца вялікія сумы:

“У мінулым годзе гэта было каля 60 мільёнаў даляраў”.

Віктар Валадашчук, рэдактар “Газеты Слонімкай”, падкрэсліў, што таксама быў бы не супраць выдавацца ў колеры, але, падлічыўшы, колькі гэта магло б каштаваць яго выданню, адмовіўся ад такой ідэі. Хаця, у прынцыпе, як сказаў “Нямецкай хвалі” Начальнік упраўлення вытворча-тэхнічнага развіцця Міністэрства інфармацыі Беларусі Мікалай Брашко, ніхто недзяржаўным выданням не замінае выкарыстоўваць дзяржаўныя друкарніцкія магутнасці, былі б сродкі:

“У нас паліграфія. Мы кажам пра тое, што купім дзве машыны, якія дадуць магчымасць і гомельскім, і віцебскім газетам друкавацца ў колеры. А скарыстаюцца яны гэтай магчымасцю ці не, гэта ўжо іх праблема. Праблема кожнага рэдактара”.

А вось сродкаў такі на такое дарагое задавальненне, як друкаванне ў колеры, у недзяржаўнай прэсы няма. Дарэчы, як адзначыў Віктар Валадашчук, як бы прыгожа ні выглядалі газеты, чытача ў першую чаргу цікавіць тое, што ў іх напісана. Таму – “не ўсё тое золата, што блішчыць”.