1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Гадзіннік Мілінкевіча

Слухаючы сёння звыклы бой гадзінніка на Фарным касцёле Гародні, мала хто здагадваецца, што яго навуковай рэстаўрацыяй займаўся Аляксандр Мілінкевіч, адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах.

default

Аляксандр Мілінкевич выказаў здагадку, што аснова механізму гадзінніка на вежы гарадзеньскага Фарнага касцёлу амаль цалкам захавалася з 16 стагоддзя. Вынікі ягоных даследванняў пацвердзілі навукоўцы з Лабараторыі навуковай рэстаўрацыі гадзіннікаў й музычных механізмаў Дзяржаўнага Эрмітажу.

Як паведаміў Аляксандр Мілінкевіч, калі ён пачынаў займацца аднаўленнем гадзінніка на Фарным касцёле, ён лічыў, што ягоны механізм быў зроблены ў сярэдзіне 17 стагоддзя. Але ў архівах Кракава, Варшавы, Вільні й Масквы Мілінкевіч знайшоў унікальныя сведчанні таго, што ў Гродна гадзіннік быў устаноўлены яшчэ напачатку 16 стагоддзя, калі горад атрымаў поўнае Магдэбурскае права.

Гадзіннік на ратушы быў тады адзіны ў горадзе. Ён адмерваў жыццё гарадзенцаў больш за 150 гадоў, да таго часу, калі Гродна быў амаль цалкам разбураны войскамі расейскага царя Аляксея Міхайлавіча.

Пацярпела й ратуша. Але гадзіннікавы механізм цудам захаваўся. І напачатку 18 стагоддзя гадзіннік быў змешчаны на вежу касцёла. Менавіта тады на ём быў устаноўлены анкерны механізм з маятнікам, а таксама зробленыя новыя цыферблаты.

Падчас Першай сусветнай вайны тры з чатырох званоў касцёла былі вывезеныя ў Германію. Замене сярэднястагоддзевага механізму перашкодзіла Другая сусветная вайна. У пасляваенны час дазорцы касцёлу падымаліся па ста трыццаці дзвюх прыступках і завадзілі гадзіннік.

Але потым савецкая ўлада забараніла ўздым на башню: час у Савецкім Саюзе трэба было звераць толькі па маскоўскіх куранатах.

Новае жыццё гадзіннік на Фарным касцёле атрымаў толькі напрыканцы 80-гадоў мінулага стагоддзя. Адзін з рэстаўратарў, а зараз дазорца гадзінніка Іосіф Ясюкевіч узгадвае, што праца над аднаўленнем механізма велася на працягу двух гадоў. Паводле словаў Ясюкевіча, ў гадзінніку захаваліся шасцярні з 16 стагоддзя, старая ручка для заводу, а таксама металічныя “латкі” на коле – сляды даўнейшага рамонту.

Гарадзеньскія майстры па старадаўніх тэхналогіях аднавілі элементы, якія былі знішчаныя часам. Зараз жыхары Гродна чакаюць вердыкту беларускага аддзялення Кнігі рэкордаў, якім павінна быць засведчана ўнікальнасць механізму гадзінніка 16 стагоддзя. А наступным крокам можа быць уключэнне гарадзеньскага гадзінніка ў Кнігу рэкордаў Гінэса, як самага старога з тых, якія дзейнічаюць у Эўропе.