1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Віктар Гарбачоў: „Рух ідзе ад нізу“

120 прадпрымальнікаў Беларусі пажадалі вылучыць свае кандыдатуры на выбарах у мясцовыя рады. Аб гэтым "Нямецкай хвалі" заявіў адзін з арганізатараў кампаніі "За вольнае развіццё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў.

Яшчэ нядаўна многія з прадпрымальнікаў гаварылі аб сваім нежаданні займацца палітыкай. Арганізатары новай кампаніі "За вольнае развіццё прадпрымальніцтва" сцвярджаюць, што сваёй мэты можна дасягнуць, у тым ліку, і праз прадстаўніцтва прадпрымальнікаў у мясцовых радах. Ці можна сёння гаварыць аб тым, колькі прадпрымальнікаў падтрымліваюць вашу кампанію, спытала я ў аднаго з яе лідэраў Віктара Гарбачова.

"Можна ўпэўнена казаць, што яе падтрымліваюць тысячы. Аб'езды і сустрэчы па рэгіонах таму пацверджанне. У большасці рэгіёнаў прайшлі сустрэчы з прадпрымальнікамі, абралі рады, каардынатараў. Рух ідзе ад нізу".

У стратэгіі кампаніі адзначаецца патрэбнасць супрацоўніцтва з ўсімі, хто будзе спрыяць развіццю прадпрымальніцтва - з палітычнымі партыямі, грамадскімі арганізацыямі, а таксама з органамі ўлады. Як лідэры кампанііи збіраюцца ўзаемадзейнічаць з уладамі, калі тыя наогул адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з незарэгістраванымі суполкамі?

"Па-першае, на рынках створаныя рады – офицыйныя структуры, мы ўсе з'яўляемся іх часткай, дзесьці адсоткаў 30 ёсць удзельнікі рад на рынках. Любая рада можа вынесці свае прапановы. А рэгістраваць яшчэ адну структуру я не бачу ніякага сэнсу. Структур у гарадах хапае. Ёсць "Перспектыва", "Садружнасць", Саюз Патупы, клубы прадпрымальнікаў. У нас ёсць людзі ў гэтых структурах. Можна праз іх выходзіць на ўладу і спрабаваць у розных рэгіёнах з ёй кантактаваць".

На першае месца кампанія "За вольнае развіццё прадпрымальніцтва" ставіць барацьбу за эканамічныя правы. А на вашай друкарскай прадукцыі размешчаны лагатып Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Чаму?

"У кампаніі ёсць прадстаўнікі ўсіх палітычных структураў, АГП і сацыял-демократаў, БНФ, беспартыйныя, прадстаўнікі прадпрымальніцкіх структураў. А лагатып АГП - гаворыць аб тым, што маса прадпрымальнікаў з'яўляецца сябрамі АГП".

Вы сцвярджаеце, што дзейнічаеце ў рамках закона, і што такую арганізацыю грамадства як кампания рэгістраваць не патрэбна. Ці адчувалі вы супраціў з боку ўлад падчас вашых поездкаў па рэгіёнах?

“Ціск адчуваецца: не трэба сустракацца, не трэба кансалідавацца. Усё і так добра. Але калі нас пачынаюць ціснуць, мы на правільным шляху”.

На пытанні каррэспандэнта "Нямецкай хвалі” адказваў адзін з арганізатараў і лідэраў кампаніі "За вольнае развіццё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў.