1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Вядомы папярэднія вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў

24 ліпеня завяршаецца тэрмін падачы заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты парламенту. Папярэднія вынікі іх рэгістрацыі падводзіць наш карэспандэнт Паўлюк Быкоўскі.

default

На 110 месцаў у Авальнай зале шляхам збору подпісаў маюць намер прэтэндаваць некалькі соцень чалавек - менавіта для гэтага рэгіструюцца ініцыятыўныя групы.

200 ініцыятыўных груп аў ужо за рэгістраваны

Колькі іх усяго - пакуль не вядома. У перадапошні дзень рэгістрацыі старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына на нарадзе ў Мінскам аблвыканкаме паведаміла аб рэгістрацыі двухсот ініцыятыўных групаў. Да гэтых дадзеных варта прыплюсаваць яшчэ і будучых вылучэнцаў ад палітычных партый і працоўных калектываў. Зразумела, што конкурс на дэпутацкі мандат будзе, але да завяршэння 28-га жніўня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, немагчыма сказаць які менавіта атрымаецца конкурс.

Прэс-сакратар Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Юры Пацёмкін паведаміў "Нямецкай хвалі", што рэгістрацыя ініцыятыўных групаў праходзіла ў асноўным спакойна:

"Мы пакуль не маем ні воднага прыкладу, калі б была нейкая адмова ў рэгістрацыі. Па дадзеных на раніцу 24 ліпеня пададзена ўсяго каля ста спісаў ініцыятыўных групаў, зарэгістравана - 36 груп, якія ўжо прыступілі да збору подпісаў. Найбольш актыўна сябе праяўляе Аб'яднаная грамадзянская партыя, якая вылучае 29 кандыдатаў у дэпутаты праз збор подпісаў. На другім месцы ідзе Партыя БНФ - 21 чалавек, потым камуністы - 18 чалавек, сацыял-дэмакраты ("казулінцы") - 14, чатыры ініцыятыўныя групы здалі прадстаўнікі ліквідаванай Беларускай партыі працы і яшчэ тры - таксама ліквідаванай партыі "Надзея". Яшчэ "Беларускія хрысціянскія дэмакраты" здалі сем ініцыятыўных групаў. Мы ведаем, што зарэгістравана з іх шэсць, па адной групе могуць быць пытанні".

Сітуацыя палепшылася, ціск на кандыдатаў застаўся

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч таксама амаль не мае прэтэнзіяў па рэгістрацыі ініцыятыўных групаў:

"Большасць ініцыятыўных групаў атрымалі пасведчанне аб рэгістрацыі раней за пяць дзён тэрміну, які прадугледжаны Выбарчым кодэксам. Таксама можна адзначыць, што на дадзены момант няма ні воднай адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. На мінулых выбарах блізка 20-25% ініцыятыўных групаў, амаль кожны чацверты са спісу Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, па надуманых прычынах адмаўлялася ў рэгістрацыі. Улады пачалі больш адрасна працаваць. Гэта непасрэдны канкрэтны ціск на кандыдатаў. Вось нават сёння толькі што паведамілі, што Віталь Каратыш, які зарэгістраваў ініцыятыўную групу ў 13-ай Лунінецкай выбарчай акрузе, раптоўна, абсалютна знянацку быў выкліканы ў ваенкамат і яму было загадана, што ён мусіць ужо уходзіць у войска для праходу тэрміновай службы".

Сапраўды, актывіст руху "За Свабоду" Віталь Каратыш з Кажан-Гарадка Лунінецкага раёну Брэсцкай вобласці 23-га ліпеня здолеў атрымаць рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, а вось ужо 25-га ліпеня мусіць абуваць боты і - аты-баты ў войска. У інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" Віталь паведаміў:

"Мяне забралі ў кабінет і ўсучылі ў рукі павестку, дзе абавязалі мяне з'явіцца заўтра ў 9 гадзін раніцы з рэчамі. Фармальна я маю права нават знаходзячыся ў войску працягнуць сваю кампанію, але калі мая ініцыятыўная група збірае 1 тыс. подпісаў. Мяне рэгіструюць і тады на час агітацыйнай кампаніі мяне абавязаны адпусціць з арміі".

Як бачым, Віталя Каратыша нават тэрміновы прызыў на тэрміновую вайсковую службу, магчыма, не спыніць. А вось беларуская Ліберальна-дэмакратычная партыя 24-га ліпеня абвясціла, што яна сама адмаўляецца ад удзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Пры гэтым яе лідэр, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч удакладніў, што ЛДП не будзе і байкатаваць выбары, а, па яго словах, засяродзіцца на падрыхтоўцы да прэзідэнцкіх.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты працягнецца да 18-га жніўня. З 19-га па 28-га жніўня пройдзе іх рэгістрацыя, пасля якой пачнецца перадвыбарчая агітацыя. Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 28-га верасня.

Контекст