1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Вынікі 2009: Правы чалавека

Беларускія правабаронцы называюць 2009 год супярэчлівым і годам страчаных надзеяў і спадзяванняў. Хаця, параўнальна з гадамі мінулымі, год цяперашні выдаўся крыху больш станоўчым.

Молоток судьи как символ правосудия

2009 год у плане выканання правоў чалавека быў крыху лепшым параўнальна з мінулымі гадамі, але не спраўдзіў спадзяванняў правабаронцаў на сістэмныя змяненні ў Беларусі, якія б гарантавалі незваротнасць працэсу перамен у лепшы бок. Па словах экспертаў, сёлета ў краіне нават з’явіліся новыя формы ўціску на апанентаў дзейнае ўлады.

Баявы год

Як адзначае кіраўнік юрыдычнае камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту (БХК) Гары Паганяйла, для беларускіх правабаронцаў гэты год быў такім жа баявым, як і мінулыя. На думку юрыста, магчыма, не было вельмі адыёзных і гучных справаў, якія суправаджалі дзейнасць правабаронцаў у мінулыя гады, тым не менш, праблема з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі застаецца па-ранейшаму самай актуальнай. "Ніякіх сістэмных зменаў у краіне не адбылося, хаця дэкларуецца лібералізацыя, пашаноўнае стаўленне да гэтай праблемы з боку кіраўніцтва краіны, аднак у шэрагу выпадкаў становішча пагаршаецца, а не паляпшаецца", - адзначае правабаронца.

Сябра Рады правабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч лічыць, што 2009 год стаўся годам няспраўджаных надзеяў і спадзяванняў. Пачатак году, паводле Стэфановіча, падараваў правабаронцам пэўны і асцярожны аптымізм на тое, што адбудуцца нейкія змены ў заканадаўстве, якія лібералізуюць існуючую сітуацыю.

Сябры Рады правабарончага цэнтру Вясна Валянцін Стэфановіч і Алесь Беляцкі

Сябры Рады правабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч і Алесь Беляцкі

"Была надзея, што "Вясна" атрымае рэгістрацыю, але з цягам часу ўсе нашы спадзяванні знікалі, таму сказаць, што ў гэтым годзе мы ўбачылі нейкую лібералізацыю, нейкі пераломны момант, нельга", - падкрэсліў Стэфановіч.

Якія надзеі не спраўдзіліся

Па яго словах, не спраўдзіліся надзеі на адмену артыкула 193 прым. Крымінальнага кодэксу, у адпаведнасці з якім людзі могуць трапіць за краты на два гады задзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Колькасць асуджаных па гэтым артыкуле ў Беларусі дасягнула семнаццаці чалавек. Парламенцкая сесія скончылася, і гэта значыць, што пытанне пераносіцца на наступны год, хаця на гэтую тэму былі неаднаразовыя заявы прадстаўнікоў улады.

Тое самае тычыцца і мараторыя на смяротнае пакаранне. "На пачатку году шматкроць гучалі заявы вышэйшых службовых асобаў, што Беларусь гатовая да ўвядзення мараторыя, але, тым не менш, мараторыя мы таксама ў гэтым годзе не пабачылі, маем два смяротныя прысуды, якія зараз знаходзяцца ў стадыі чакання, што ж вырашыць камісія па памілаванні", - адзначыў сябра Рады "Вясны".

Акцыя пратэсту ў Мінску

Акцыя пратэсту ў цэнтры Мінску

Новыя формы ўціску

Як адзначае Валянцін Стэфановіч, магчыма, адкрытых формаў рэпрэсіў у 2009 годзе стала менш, напрыклад, крымінальных пераследаў, адміністратыўных арыштаў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, але, тым не менш, такія факты ёсць, прыкладам чаму - гвалтоўны разгон мірных акцый са збіццём іх удзельнікаў у верасні і кастрычніку.

Па словах праваабаронцы, з’явіліся нават новыя формы ўціску на апанентаў улады. Так, сёлета мелі месца выпадкі выкрадання з вывазам за межы Мінску лідэра "Маладога фронту" Змітра Дашкевіча і сябраў гэтай арганізацыі Насты Палажанкі і Дзяніса Карнова, актывістаў кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Яўгена Афнагеля і Уладзіміра Лемеша, былога палітвязня Артура Фінькевіча.

Старыя метады пераследу

У 2009 годзе працягвалася практыка палітычнага прызыву ў войска моладзевых актывістаў з фальшаваннем медычных дыягназаў, згодна з якімі юнакі па стане здароўя падпадалі пад адтэрміноўку ад вайсковай службы.

Демонстрация, участники которой несут флаги

Адкрытых формаў рэпрэсіў у 2009 годзе стала менш

Таксама мелі месца звальненні з працы сябраў апазіцыйных палітычных партыяў і выключэнні моладзевых актвістаў з вышэйшых навучальных установаў. Самы яскравы прыклад таму - адлічэнне з юрыдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага універсітэта прэс-сакратара "Маладога фронту" Таццяны Шапуцькі, якая без дазволу дэкана факультэта ўзяла ўдзел у першым Форуме грамадзянскай супольнасці "Усходняга партнёрства", які адбыўся ў кастрычніку бягучага году ў Бруселі.

Чыннік аптымізму

Валянцін Стэфановіч, аднак, адзначыў адну рэч, якая надае пэўнага аптымізму беларускім правабаронцам, - гэта тое, што Беларусь была ўключана ў праграму "Усходняе партнёрства". У перспектыве, мяркуе юрыст, удзел Беларусі ў гэтай праграме Еўрапейскага Звязу мог бы паспрыяць паляпшэнню сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку і з правамі чалавека.

"Я не ведаю, як надалей будзе адбывацца з "Усходнім партнёрствам", але ў мяне нейкія спадзяванні, што гэта хоць нейкім чынам паўплывае на станоўчыя змены, але гэта фактар хутчэй знешні, чым унутраны", - падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск
Рэдактар : Уладзімір Дорахаў

Контекст

Аудио- и видеофайлы по теме