1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Вынікі 2008: мастацтва трымаецца на энтузіязме

Скарачэнне фінансавання з боку дзяржавы, з’яўленне новага беларускага рамана і цікавых праэктаў не дзякуючы, а насупэрак– асноўныя тэзы, якія прагучалі ў адказ на пытанне, што можна лічыць вынікамі года ў галіне культуры

default

Фота з архіву. Тэатральная пастаноўка ў Палацы рэспублікі ў Мінску

Куратар Галерэі візуальных мастацтваў NOVA Ўладзімір Парфянок канстатуе адзін з вынікаў года: "Культура стала больш прэснай. Засталося меньш формаў культурнага самавыяўлення". Але і ў гэтых абставінах з’яўляюцца цікавыя праэкты.

Партрэт на фоне

Адным з самых значных і цікавых, дарэчы не толькі на думку Ўладзіміра Парфянка, але і ўсёй беларускай фатаграфічнай супольнасці, зыходзячы з водгукаў у рэальнай і віртуальный прасторы, стаўся праэкт Юліі Лейдзік "Партрэт на фоне". Сэнс праекта, распавядае Ўладзімір Парфянок быў у тым, што любая жанчына, хай сабе нават і падсвядома, мае свой ідэальны вобраз, жадае выглядаць, як кіназорка ці любімая спявачка.

"Юлія прапанавала жанчынам выбраць такі вобраз з вялікай колькасці прапанаваных здымкаў, а потым фатаграфавала гэтых жанчын на фоне "ідэала". Жанчыны гэтыя былі рознага ўзросту і розных прафесіяў", - гаворыць Уладзімір Парфянок. Спроба такім чынам распавесьці пра жыццё сродкамі фатаграфіі для беларускай фатаграфічнай сцэны – нешта зусім новае, зазначае куратар Галерэі візуальных мастацтваў NOVA.

"Падземка" вызначылася з канцэпцыяй

Выстава "Партрэт на фоне" прайшла ў галерэе “Падземка”. Дарэчы, пазітыўнай з’явай мінулага году мастак і літаратар Артур Клінаў назваў актывізацыю арт-хауса "Падземка". "Бо раней гэта галерэя інснавала з нейкай невызначанай канцэпцыяй салона, а зараз яны аддалі цэлую залю пад сучаснае мастацтва. І цэлы год тут адбывалася амаль два разы на месяц прэзентацыі новых праэктаў альбо выставы. Фактычна гэта адзіная незалежная арт-пляцоўка, якая займаецца сучасным мастацтвам у Мінску", - адзначыў Артур Клінаў.

Самае асноўнае, што адбываецца ў Беларусі ў галіне мастацтва, на думку выкладчыка Беларускай Акадэміі мастацтваў Алеся Косткі, гэта працэс выйсця са стану закансэрвавання. "Уявіце сабе кансэрвную банку, у якой адбываецца культурны працэс. І нарэшце з’яўляецца пастаянная спроба выйсці, - адзначае Алесь Костка. - З іншага боку з’яўляюцца цяжкасці, звязаныя з тым, што ўсё зачынена. Значных зрухаў у мастацтве не назіраецца. Тое, што адбываецца на працягу года ў Беларусі, у іншых краінах адбываецца на працягу месяца – па інтэнсіўнасці, маштабах і значнасці".

Праблема фінансавання культуры

Праблему фінансавання культуры Алесь Костка ілюструе на прыкладзе Акадэміі мастацтваў: "Колькасць спецыяльных дысцыплін скарацілася амаль у два разы. Вось прыблізна масштабы скарачэння фінансавання нашай культуры. Раней студэнт маляваў 12 гадзін на тыдзень, зараз ён малюе тры гадзіны. Грошы не выдакоўваюцца, праграмы уразаюцца і заробкі мізэрныя. Як вынік - студэнты не жадаюць вучыцца, ім гэта не цікава. Выкладчыкам не цікава выкладаць. Акадэмічны ўзровень падае і даходзім да аматарскага ўзроўня".

На заўвагу пра відавочныя поспехі шэрагу беларускіх мастакоў у тым ліку і за мяжой, выкладчык Беларускай Акадэміі мастацтваў адказвае, што ўсё гэта "вынік рэалізацыі патэнцыялу, набытага ў папярэднія часы". Што тычыцца сённяшняга становішча, гаворыць Алесь Костка, выкладчыкам даводзіцца працаваць не за грошы, а на энтузіязме. "І студэнты ёсць актыўныя, якія таксама жадаюць працаваць. На гэтым трымаецца культура, беларускае мастацтва". Затое, з усмешкай кажа спадар Костка, "яно вольнае ад грошаў, сапраўднае, шчырае".

Звышпадзей не адбылося, але ў літаратуры – прарыў

Што тычыцца культуры наогул, то, як кажа Артур Клінаў, нейкіх звышпадзей у гэтым годзе не адбылося. "Хутчэй ішлі пазіцыйныя баі ў розных сферах", - беларускі мастак і літаратар. Пазітыўныя тэндэнцыі і нават прарыўныя падзеі, паводле Клінава, адбыліся ў літаратуры: "На працягу некалькі апошніх гадоў яна знаходзілася ў стане саспявання, але не хапала фінальнага прадукту – кніжак".

"Але зараз, дзякуючы некаторым выдавецкім ініцыятывам – выдавецтву "Логінаў", "Наша Ніва" і іншым – выдадзены шэраг цікавых кніг. Нарэшце, у нашай культурнай прасторы мы бачым з’яўленне новай беларускай літаратуры, новага еўрапейскага беларускага рамана, новага гарадскога рамана. Можна даваць шмат розных вызначэнняў, але я лічу, што гэта найбольш цікавая з’ява гэтага года", - адзначае Артур Клінаў.

Гаворка пра музычныя падзеі 2008, гэтак жа як пра адсутнасць падзей у кіна- і тэатральным мастацтве Беларусі вартая асобнай размовы.

Алена Данейка

Контекст