1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Выбарчая шматпалярнасць беларускай апазіцыі

"Еўрапейская кааліцыя" выстаўляе на парламенцкія выбары 70 сваіх кандыдатаў, што, на думку экспертаў, можа адмоўна сказацца на выніках для апазіцыі. У сваю чаргу “Малады фронт” застаецца на пазіцыі байкоту.

default

)

Па словах аднаго з лідэраў “Еўрапейскае кааліцыі”, старшыні аргкамітэту Партыі свабоды і прагрэсу Уладзіміра Навасяда, кандыдаты ў дэпутаты ад каліцыі будуць выстаўляцца амаль па ўсіх рэгіёнах Беларусі. Платформа “еўрапейцаў”, як адзначае палітык, розніцца ад ужо вядомага паслання выбаршчыкам кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

“Адрозніваецца тым, што там утрымліваюцца дакладныя пасылы выбарцам, што “Еўрапейская кааліцыя” выступае за інтэграцыю з Еўрапейскім Звязам, за рух у бок ЕЗ, для кожнай сацыяльнай катэгорыі ў апытніку распісваецца, што канкрэтна можа даць такая інтэграцыя, то бок, дакладна прапісваецца палітычная накіраванасць “Еўрапейскай кааліцыі”.

Як сцвярджае Уладзімір Навасяд, “мы не хаваем менавіта палітычную накіраванасць “Еўрапейскай кааліцыі, яна закладзеная ў самім назове. У гэтым сэнсе ў нас развязаныя рукі для работы з выбаршчыкамі, таму што ў АДС, як вядома, працуюць розныя палітычныя сілы – ад камуністаў да нацыяналістаў, таму кожны з іх імкнецца свае праграмныя ўстаноўкі прыхаваць на карысць кансэнсуса палітычных сілаў”.

Адметнасць цяперашняй кампаніі

Уладзімір Навасяд мае добры досвед удзелу ў парламенцкіх выбарах, больш за тое, перамогі ў іх. Ён ужо абіраўся і дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га склікання, і Палаты прадстаўнікоў. Паводле палітыка,

“выбары - гэта заўжды вельмі цяжкі працэс, гэта амаль заўсёды латарэя, незалежна ад падрыхтоўкі таго ці іншага кандыдата. Таму і няма яшчэ той страхавой кампаніі, якая б застрахавала любога кандыдата ад “караблекрушэння”. Кожная выбарчая кампанія мае свае плюсы і мінусы, але асаблівасць менавіта гэтай у тым, што мы яшчэ напярэдадні самой кампаніі чуем заявы, якія хацелі б паказаць еўрапейскай супольнасці, назіральнікам, якія прыедуць, што гэтыя выбары будуць дэмакратычнымі і свабоднымі. Такога раней не было”.

Тым часам, “Малады фронт”, які ёсць самай буйной моладзевай апазіцыйнай арганізацыяй, не адмаўляецца ад праграмы байкоту восеньскіх выбараў. Як адзначае лідэр сталічных маладафронтаўцаў Зміцер Федарук, “безумоўна, рашэнне застаецца ў сіле як план, які быў прыняты дагэтага. Проста цяпер ужо дакладна вядома дата выбараў, і можна глядзець, як далей развіваць гэтую кампанію. Кампанія байкоту – гэта адзіная магчымасць неяк узрушыць дэмакратычнае грамадства, данесці да людзей дэмакратычныя каштоўнасці”.

Шматпалярнасць – не на карысць

Тое, што адныя дэмакраты байкатуюць выбары, а іншыя ідуць на іх не адной, а некалькімі калонамі, не будзе спрыяць станоўчаму для апазіцыі выніку выбарчай кампаніі, упэўнены палітолаг Валеры Карбалевіч.

“Просты абывацель любіць карціну простую, ясную, без усялякіх складанасцяў. Калі ў адной акрузе два апазіцыйныя кандыдаты, гэта адразу стварае для яго складанасць, раздражняе яго, прымушае думаць і разбірацца паміж двумя апазіцыйнымі кандыдатамі. І наадварот: ён спрычыняецца да нейкай злосці да апазіцыі: няўжо яна не можа разабрацца?”

Па словах Валерыя Карбалевіча, “просты абывацель, нават спачуваючы апазіцыі, вельмі дрэнна ставіцца да расколу ў апазіцыйных шэрагах. Абывацель павінен атрымліваць адно пасланне, адзіны спіс кандыдатаў. Тады адразу зразумела двухполюсная сітуацыя – улада і апазіцыя. Калі іх больш, тады іх складаней растлумачыць насельніцтву, чаму так, у чым розніца, чаму не дамагліся адзінства і гэтак далей”.