1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Будучыня беларускай Інтэрнэт-журналістыкі пад пагрозай

Уступлення ў сілу новага Закона аб СМІ ў Беларусі з трывогай чакаюць не толькі журналісты традыцыйных незалежных мас-медыяў, але і працаўнікі Інтэрнэт-рэсурсаў.

default

Сеціва сталася добрым прытулкам і надало другое дыханне шмат якім рэпрэсаваным беларускім газетам, але новы закон зноў ставіць іх пад удар.

Што непакоіць дзяржчыноўнікаў ?

На думку беларускіх экспертаў у галіне Інтэрнэт-журналістыкі, у Беларусі досыць шпарка адбываецца працэс развіцця Інтэрнэт-СМІ. Паводле палітычнага аглядальніка і журналіста Аляксандра Класкоўскага, шмат якія недзяржаўныя газеты, для якіх пераход у Інтэрнэт-прастору раней быў вымушанай міграцыяй, здолелі пасьпяхова прыстасавацца да новага жыцьця ў сеціве і нават набылі такім чынам новых чытачоў. Эксперт мяркуе, што якраз гэта і непакоіць дзяржаўных чыноўнікаў:

“ Яны адчуваюць, што ўсё ж такі ў сеціве недзяржаўная журналістыка апярэджвае, яна больш дынамічная. У сеціве прымусовую падпіску не зладзіш. І таму мы бачым, што менавіта і сайт “Нашай нівы” www.nn.by, і іншых незалежных выданняў проста затыкаюць за пояс “кітоў” дзяржаўнай журналістыкі, якія як бы і спрабуюць нібыта нейкія элементы інтэрактыўнасці на сваіх сайтах укараняць, але пакуль гэта не прыжываецца”.

Важнасць выхаду ў Інтэрнэт зразумелі ўжо не толькі найбуйнейшыя незалежныя выданні краіны, але і рэгіянальныя газеты. Добрыя абароты набралі і тыя рэсурсы, якія з самага пачатку нараджаліся як сеціўныя – такія як Інтэрнэт-газета “Беларускія навіны” www.naviny.by. Пры гэтым Інтэрнэт-версіі газет не збіваюць папяровыя наклады – часьцяком наадварот, яны даюць дадатковую рэкламу друкаванай версіі. Гаворыць ўэб-рэдактарка незарэгістраванай газеты “Свабода” Ларыса Шапавалава:

“Сайт стаўся вельмі карысным у тым сэнсе, што ён данёс да менчукоў інфармацыю пра існаваньне гэтай газеты. Раней толькі вельмі вузкае кола ведала. Наведвальнікаў становіцца ўсё болей – людзі пакідаюць каментары, жадаюць выказаць сваю думку”.

Каўпак на сеціве важней дыялогу з Еўропай

Аднак выгодам Інтэрнэт-журналістыкі, што адкрывае для сябе беларускае грамадства, можа быць пакладзены канец, калі Аляксандр Лукашэнка падпіша новы Закон аб СМІ. Аглядальнік Аляксандр Класкоўскі не мае вялікай надзеі, што прэзідэнт пачуе заклікі міжнароднай супольнасьці адхіліць прыняты парламентам законапраект:

“Нажаль, малаімаверна, што гэты закон будзе адхілены. Хаця гэта быў бы прыгожы жэст у сэнсе наладжваньня дыялогу з Еўропай. Аднак, я думаю, для ўладаў усё ж важней накінуць каўпак – на сеціва найперш, бо самыя вялікія пасткі, прыхаваныя ў гэтым законе, тычацца Інтэрнэту. Ужо зразумела, што будзе наладжаная татальная перарэгістрацыя рэсурсаў. Крамольныя, з пункту гледжання чыноўнікаў, рэсурсы могуць быць адсечаныя. Калі яны будуць спрабаваць неяк па-партызанску дзейнічаць, іх будуць глушыць, то бок блакаваць, і ўжо на законнай падставе. Ну, аднак Інтэрнэт ствараўся калісьці на выпадак атамнай вайны, і я думаю, што дубіну беларускага чынавенства ён усё ж такі вытрымае. Там заўжды можна знайсці нейкія абыходныя шляхі. Проста беларускія карыстальнікі праз розныя проксі-серверы, ананімайзеры ўсё адно будуць выходзіць на тыя рэсурсы, што нясуць незалежную інфармацыю”.

Пасля падпісання Лукашэнкам, закон павінен уступіць у сілу праз паўгады, таму падчас маючых адбыцца парламенцкіх выбараў па-ранейшаму будзе дзейнічаць цяперашняя, адносна “ліберальная” прававая база.