1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Будзьма беларусамі!

У Беларусі стартавала грамадска-культурная кампанія "Будзьма!", у якую аб’ядналіся няўрадавыя арганізацыі, што займаюцца праблемамі беларускае культуры, гісторыі, мовы.

default

Сярод тых, хто ладзіць кампанію "Будзьма!", - Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы, суполка "Пагоня" пры Беларускім саюзе мастакоў, Таварыства аховы помнікаў, Беларуская музычная альтэрнатыва, некаторыя інтэрнет-супольнасці ды іншыя.

"За семнаццаць год існавання незалежнай Беларусі ў нас не створаны падмурак для кансалідацыі грамадства, - адзначае каардынатар кампаніі Алена Макоўская. - Гэтыя працэсы з тым ці іншым поспехам прайшлі ўжо на ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза. На жаль, да гэтага часу ніхто не здолеў на тэрыторыі Беларусі аб’яднаць беларусаў, ці прапанаваць глебу для аб’яднання. На нашу думку, аб’яднаць беларусаў можна на глебе павагі да сябе, сваёй мовы, культуры, на глебе павагі і любові да гісторыі".

Па словах Алены Макоўскай, "не сакрэт, што кожная з нашых арганізацый ужо даўно працуе ў галіне культуры і шмат робіць у гэтым накірунку, але мы менавіта і вырашылі прадставіць такі ўзор аб’яднання і кансалідацыі. Кампанія адкрытая, да яе можа далучыцца абсалютна кожны, каго цікавіць культура Беларусі".

Беларускае – значыць, сучаснае

Яшчэ адзін каардынатар кампаніі Ніна Шыдлоўская заўважыла, што напрацягу многіх стагоддзяў наша грамадства дзялілі па моўных і палітычных прыкметах, веравызнанні, па сацыяльным стане. Былі раней і сёння робяцца спробы аб’яднаць наша грамадства, але ў большасці выпадкаў яны робяцца на нейкай палітычнай ці сацыяльнай глебе, можа, таму яны і цярпелі паразы.

"Мы заўсёды былі перакананыя, і чым далей працуем на глебе культуры, тым больш пераконваемся, што аб’яднаць насельніцтва краіны могуць не часовые нейкія паняцці ці інтарэсы, а тое, што з усёй адказнасцю можна назваць словам "вечнае" - гэта культура".

Як адзначыла Ніна Шыдлоўская, у людзей сфармаваўся пэўны стэрэатып: калі гаворка ідзе пра беларускую культуру, то гэта ледзь не нешта архаічнае, сялянскае, а гэта не можа мець месца і быць запатрабаваным у сучасным свеце.

"Веру, што супольныя высілкі арганізатараў кампаніі “Будзьма!” калі не цалкам разаб’юць, то ў значнай ступені развеюць гэты абсалютна неабгрунаваны міф, - кажа Ніна Шыдлоўская. – Цэлы шэраг мерапрыемстваў, якія будуць здзейсненыя падчас кампаніі, прадэманструюць жыхарам Беларусі, што беларуская мова і культура – гэта сучасна, гэта цікава, гэта перспектыўна і гэта запатрабавана сучасным светам".

Каб пазнавалі ў свеце

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч падксрэсліў: "Яшчэ Францішак Скарына пацвердзіў і адным з першых выказаўся аб тым, што беларуская мова, а шырэй – беларуская культура з’яўляецца адзежай душы. Мы б хацелі, каб умоўна, сімвалічна гэтую беларускую адзежу сённяшнія грамадзяне Рэспублікі Беларусь не толькті актыўна прымяралі, але і, сімвалічна гаворачы, штодзённа яе насілі і гэтым былі пазнавальнымі ва ўсім свеце".

З серады пачаў працаваць і сайт кампаніі – www.budzma.org, у працы якога змогуць узяць усе жадаючыя. На сайце можна будзе даведацца пра самыя апошнія падзеі ў галіне культуры, пра будучыя цікавыя імпрэзы ў рамках кампаніі, поўны слоган якой – "Будзьма беларусамі!".