1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

БСДП(Г) рыхтуецца адзначыць другую гадавіну прысуду Казуліну

Актывісты БСДП (Г) накіравалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне шэрагу пікетаў, прымеркаваных да другой гадавіны завяршэння судовага працэсу над старшынём БСДП(Г), экс-кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Казуліным.

default

Старшыня БСДП(Г), экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін

Зараз прызнаны “Міжнароднай амністыяй” вязнем сумлення палітык, асуджаны на пяць з паловаю гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю вулічнай акцыі пратэсту пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў, адбывае пакаранне ў калоніі “Віцьба”. Пра мэты акцыяў, запланаваных на 6-7 ліпеня ў Мінску, нашай праграме распавёў былы адвакат Казуліна, ягоны намеснік па партыі Ігар Рынкевіч.

“Паколькі 6-га ліпеня спаўняецца два гады пасля таго, як суд вынес пакаранне Аляксандру Казуліну, актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) падалі заяўкі на правядзенне трох пікетаў у тых месцах, якія вызначаны Мінгарвыканкамам – у Парку дружбы народаў ля Плошчы Бангалор, ля цырку Шапіто на вуліцы Арлоўскай і ў Парку 50-годдзя Кастрычніка. Мы спадзяемся, што будзе дадзены дазвол, што там не будуць праводзіцца нейкія рамонтныя работы альбо іншыя контрмерапрыемствы сталічных уладаў. Мы гатовыя ўзяць адказнасць за грамадскі парадак і іншыя меры бяспекі ў месцы правядзення пікета. Мы па-ранейшаму лічым, што прысуд быў незаконны, і Аляксандр Казулін павінен быць вызвалены. На пікете мы таксама будзем звяртаць увагу грамадскасці на тое, што зараз у генпракурора Васілевіча знаходзіцца апошняя скарга абароны адносна таго, каб гэтыя судовыя рашэнні і іншыя папярэднія рашэнні пракуратуры былі адменены генпракурорам. Акрамя гэтага мы будзем распавядаць аб дзейнасці БСДП(Г) і, у прыватнасці, пра барацьбу за вызваленне Аляксандра Казуліна, якую вядуць грамадоўцы”.

Становішча, у якім у калоніі знаходзіцца палітвязень, паводле Ігара Рынкевіча, не змянілася ў лепшы бок. “Ітак не лепшы стан ягонага здароўя пагаршаецца яшчэ больш, працягваецца інфармацыйная блакада. Ніхто з асуджаных не можа з ім нармальна кантактаваць, паколькі гэта, мякка кажучы, не вітаецца адміністрацыяй калоніі. Да ўсяго трэба адзначыць, да яго даходзяць не ўсе лісты, якія дасылаюць Казуліну людзі”.