1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Бровар - юбіляр

Напярэдадні Новага году сваё 30-годдзе адзначыла сумеснае беларуска-лiтоўскае прадпрыемства «Рэчыца-пiва».

default

Напярэдадні Новага году сваё 30-годдзе адзначыла сумеснае беларуска-лiтоўскае прадпрыемства «Рэчыца-пiва». Дзякуючы нямецкім партнёрам, да свайго юбiлею лiдэр беларускага броварства практычна завяршыў рэканструкцыю абставлявання i тэхналогiяў на суму каля 6,8 млн.даляраў.

29 снежня 1975 году на Рэчыцкім бровары была звараная першая партыя пiва. Прадпрыемства першапачаткова будавалі для забеспячэння пiвам насельніцтва паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Беларусi i бліжэйшых абласцей Расіi i Украiны. Самае магутнае прадпрыемства пiваварнай галіны БССР вырабляла традыцыйныя на той час для ўсяго Савецкага Саюзу гатункі пiва: “Жыгулёўскае”, “Ячменнае”, “Бархатнае”. На фiрмовы асартымент рэчыцкiя пiвавары перайшлi на пачатку 90-х гадоў пасля лiбералiзацыi рынку пiва i магчымасці выязджаць за мяжу для пераймання досведу. У Рэчыцы першымi ў суверэннай Беларусi ўкаранілі тэхналогiю пастэрызацыi, выпуск баначнага пiва i першымi сталi разлiваць яго ў адмысловыя ёмістасці – кегi.

У 2001 годзе на заводе распачалася мадэрнiзацыя вытворчасці. Новае абсталяванне нямецкай фірмы Apparattbau Nordhaussen i нямецкага канцэрну KHS дазволіла практычна выключыць уплыў чалавечага фактару на якасць прадукцыi. Кіраванне працэсамі варкі і разліву зараз цалкам кампутарызавана. У выніку стойкасць пiва павялічылася з сямі дзён да трох месяцаў, а ў перспектыве – да шасцi месяцаў. Да таго ж аб’ём прадукцыi плануецца павялічыць удвая.

Вынікам абнаўлення вытворчасці стаў і выпуск на Рэчыцкім бровары новага гатунку пiва “Лебенбiр”, першага ў Беларусi пiва класа Прэмiум. Пачаць вытворчасць гэтага напою дапамагалі нямецкія спецыялісты. «Лебенбiр» гатуецца па класiчнай тэхналогii ў адпаведнасці з баварскiм Reinheitsgebot – «Законам пра чысціню пiва», які быў абвешчаны герцагам Баварскiм Вiльгельмам IV у 1516 годзе i з тых часоў неадменна захоўваецца пiваварамi Нямеччыны. «Лебенбiр», у адпаведнасці з пяцісотгадовай традыцыяй, мае ў складзе толькі ваду, солад i хмель.

Згодна звесткам канцэрну "Белдзяржхарчпрам", сёння Рэчыцкі бровар выпускае 14 адсоткаў беларускага піва. “Рэчыца-пiва” стабiльна ўваходзiць у пяцёрку лiдэраў пiваварнай галіны краіны, прапускаючы наперад толькі мінскую “Крынiцу” i “Лiдскае пiва”.

Жорсткая канкурэнцыя як з айчыннымі, так i з замежнымі вытворцамі пiва мае вынікам тое, што маркетынгавая служба прадпрыемства павялічылася ў 10 разоў. Па словах дырэктара “Рэчыца-пiва” Мiхаiла Петрыва, толькі на апошні рэкламны праект “Патрыёт”, уключна з асноўнай узнагародай – пазадарожнiкам – пайшло каля 280 млн.рублёў, цi больш за 100 тысяч еўра. Дарэчы, дарагая машына па выніках пераднавагодняга розыгрышу засталася ў Рэчыцы, яе ўладальніцай стала мясцовая хатняя гаспадыня.