1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

«Большасць бяздзетных параў жадаюць усынавіць не абы якое дзіця»

На кожнае дзіця, ад якога адмаўляюцца родныя бацькі, выпадае прыблізна 20 параў, што жадалі б яго ўсынавіць. Чаму міжнародныя ўсынаўленні часцяком адбываюцца па-за межамі легальнасці?

Штодня ў краінах гэтак званага «трэцяга» альбо - «іншага» свету -нараджаюцца выпадковыя дзеці, якія нікому не патрэбныя, у якіх няма хаты, няма будучыні. Праблема толькі ў тым, што міжнародныя ўсынаўленні часцяком адбываюцца па-за межамі легальнасці. Эксперт па праблемах усынаўлення міжнароднай праваахоўнай арганізацыі «Тэр де ом» Бернд Вакер перасцерагае:

«Узнікае бязлітасная канкурэнцыя за здаровых дзяцей груднога ўзросту. Давайце зазірнем праўдзе ў вочы: большасць бяздзетных параў жадаюць усынавіць не абы якое дзіця. Па-першае, яны шукаюць здаровае дзіця, па-другое, як мага маладзейшае. Шмат у каго патрабаванні ідуць яшчэ далей: яны жадаюць дзіця са светлай скурай і без братоў і сясцёр.»

Шмат дабрачынных арганізацыяў з самых лепшых пабуджэнняў спрабуюць дапамагчы сіротам з бедных краінаў знайсці новых бацькоў. Але факт застаецца фактам: калі попыт перавышае прапанаванне, на рынку з'яўляюцца рознага кшталту сумнеўныя дзяльцы і пасярэднікі. Дастаткова аглядзецца ў інтэрнеце. Там магчыма знайсці тысячы аб'яваў з фатаздымкамі дзяцей і прапановамі, хутка і без бюракратычных перашкодаў аформіць усынаўленне.

Большая частка такіх пасярэдніцкіх фірмаў зарэгістраваная ў ЗША, дзе яны дзейнічаюць легальна. Бізнэс у іх надта прыбытковы: многія бяздзетныя пары гатовыя плаціць да 30 тысячаў эўра і больш. Асноўнымі «пастаўнікамі» дзяцей з'яўляюцца такія краіны, як Гватэмала, Кітай, Паўднёвая Карэя. Але ў апошнія гады гэта, перш за ўсё Расія, Украіна і Беларусь. Кіраўнік гамбурскага Цэнтру ў пытаннях усынаўлення дзяцей з-за мяжы Рольф Бах упэўнены, што ў шматлікіх выпадках можна казаць пра прафесійны гандаль дзецьмі:

«Паўсюль, дзе ёсць падвышаны попыт з заможных краінаў, у краінах-пастаўшчыках ужываюцца нелегальныя і, нават, злачынныя спробы забяспечыць бесперабойныя пастаўкі «жывога тавару».

Але чаму ж сама па сабе добрая і высакародная справа ўсынаўлення робіцца крыніцай бруднага прымусу? Яшчэ ў 1993 годзе было заключанае міжнароднае пагадненне па ўсынаўленні, гэтак званая Гааская канвенцыя. Яна прадугледжвае найстражэйшыя правілы ўсынаўлення замежных дзяцей. Так, афіцыйныя органы абедзвюх краінаў павінныя сумесна вызначыць, што ўсынаўленне дзіцяці адбываецца выключна ў інтарэсах дзіцяці, і выключыць гэтым магчымасць гандлю дзецьмі. У прыватнасці, дазваляецца толькі аплата выдаткаў, звязаных з афармленнем усынаўлення, не больш за тое. Канвенцыя істотна палепшыла сітуацыю, але, паводле Рольфа Баха, загвоздка вось у чым:

«Самыя важныя краіны, якія прымаюць і пастаўляюць дзяцей, падпісалі канвенцыю. Гэта для іх добры імідж. Праблема ў тым, што падпісаць яны яе падпісалі, але не ратыфікавалі, іншымі словамі, яна так і не рэалізавана ва ўнутраным заканадаўстве гэтых краінаў…»