1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

БНФ "Адраджэньню" – 20 год

Разбітымі шыбамі сядзібы Партыі БНФ "адзначылі" невядомыя зламыснікі 20-годдзе стварэння аргкамітэту БНФ "Адраджэньне" – старэйшай у сучаснай Беларусі дэмакратычнай арганізацыі, якая 18 кастрычніка святкавала юбілей.

default

Улады так і не прадаставілі БНФ годнага памяшкання, дзе можна было б правесці паўнавартасную ўрачыстасць, тым не менш юбілейныя мерапрыемствы адбыліся. У суботу прайшло паседжанне Сойму Партыі БНФ, на якім фронтаўцы далі ацэнку мінулай выбарчай кампаніі, а таксама падзяліліся меркаваннямі наконт бліжэйшай дзейнасці арганізацыі.

Ljawon Barschtscheuski, Vorsitzender der Oppositionspartei Belarussische Volksfront BNF

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі

Удзельнікі сходу павіншавалі сяброў гістарычнага Арганізацыйнага камітэту БНФ, якіх у складзе цяперашняга Сойму пяцёра, - гэта Рыгор Барадулін, Алесь Бяляцкі, Вінцук Вячорка, Аляксей Марачкін і Пётра Садоўскі. Нядаўні палітзняволены Аляксандр Казулін павіншаваў старшыню Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага з 20-годдзем БНФ і ўручыў букет белых і чырвоных кветак. Закончылася падзея выступамі бардаў Зміцера Бартосіка і Зміцера Сідаровіча.

Зноў бітыя шыбы

А ў нядзелю тыя, хто зранку прыйшоў у сядзібу БНФ, быў ашаломлены тым, што зноў які ўжо раз у партыйным офісе, які месціцца акурат побач з Акадэміяй Міністэрства ўнутраных справаў, выбітыя вокны. І побач ужо знаёмыя налепкі з абрэвіятурай Нацыянал-бальшавіцкай партыі.

Па словах прэсавага сакратара Партыі БНФ Касі Маркоўскай, “гэта такі нам зроблены падарунак на 20-годдзе, гэта ўжо не першы выпадак, такое ўжо было, і няма ніякага сэнсу пісаць нейкія скаргі. Можна здагадвацца, хто гэта зрабіў. Гэтыя людзі ведалі, што сёння прыйдуць сябры Беларускага народнага фронту, каб адзначыць юбілей. У нас таксама ёсць замежныя госці, - і вось, калі ласка, разбітае шкло”.

Пешшу па гістарычных мясцінах

Weissrussischer Maler Ales Marochkin, Portrait, Belarus, Minsk

Aдзін з заснавальнікаў БНФ мастак Аляксей Марачкін

У нядзелю ж адзін з заснавальнікаў БНФ мастак Аляксей Марачкін правёў маладых дэмакратычных актывістаў па мясцінах у беларускай сталіцы, якія непасрэдна звязаныя з узнікненнем і дзейнасцю БНФ. “Гэта Чырвоны Касцёл, мая былая майстэрня на Прывакзальнай плошчы, і, канешне, “Дзімітрава”, дзе мы рыхтавалі дакументы, малявалі плакаты, рыхтаваліся да выставаў, да Першага з’езду Беларускага народнага фронту, які прайшоў у Вільні.Таксама гэта і майстэрня Яўгена Куліка на вуліцы Танкавай”.

Удзельнікі юбілейнай экскурсіі, якая пачалася ад помніка Якубу Коласу на аднайменнай плошчы, прайшлі таксама ў Парк Янкі Купалы, дзе ўсклалі кветкі да помніка Песняра, у Траецкім прадмесці падышлі да помніка славутага мастака і этнографа Язэпа Драздовіча, 120-годдзе з дня нараджэння якога гэтымі днямі адзначае дэмакратычная грамадскасць, а таксама да будынка, дзе ў 80-я гады мінулага стагоддзя месціўся філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, з якога выйшла цэлая кагорта нацыянальных палітыкаў і грамадскіх дзеячоў.

“Гэтае месца з’яўляецца калыскай тых людзей, якая стваралі Фронт, менавіта тут збіраліся паседжанні “Майстроўні” – гэта адбывалася ў актавай залі, а пасля, ужо меньш легальна, у аўдыторыях, з дазволу ці без, паседжанні “Талакі” - тых арганізацыяў, якія сталіся асноваю для ўтварэння Беларускага народнага фронту ў Мінску”, - адзначыў адзін з лідэраў “Моладзі БНФ” Франак Вячорка, чый бацька Вінцук Вячорка ў свой час быў студэнтам філфаку і адным з заснавальнікаў Фронту.

Апроч экскурсіі ў нядзелю адбылася ўрачыстая вечарына і святочны канцэрт для ветэранаў арганізацыі, а таксама прайшла прэзентацыя новага сайту Партыі БНФ і відэароліка пра гісторыю Фронта. А 23-га кастрычніка ў сядзібе арганізацыі адчыніцца выстава, прысвечаная 20-годдзю ўтварэння БНФ “Адраджэньне”.

Контекст