1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Белсат - сапраўднае тэлебачанне для беларусаў?

Большасць перадачаў тэлеканала Белсат робіцца за мяжой па той жа прычыне, што і іншыя незалежныя медыйныя праекты для Беларусі. Да прыкладу, ток-шоў “Форум” Белсат здымае ў Вільні на базе мясцовага літоўскага тэлебачання

default

Ток-шоў “Форум” – гэта штотыднёвая перадача Белсата, на якой абмяркоўваюцца актуальныя праблемы сучаснай Беларусі. Запіс перадачы адбываецца ў Вільні, у студыі дзяржаўнага літоўскага тэлебачання. Раз на тыдзень, у нядзелю, у літоўскую сталіцу прыязджаюць супрацоўнікі Белсата, эксперты па тэме, збіраюцца гледачы з ліку беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў Вільні. Сорак пяць хвілін ток-шоў, якія бачаць у эфіры тэлегледачы, на самой справе здымаюцца каля дзвюх гадзін.

Палеміка на грамадскія тэмы

Па словах вядучага ток-шоў Эдуарда Мельнікава, перадача “Форум” – гэта пляцоўка, дзе розныя групы беларускага грамадства могуць абмяняцца думкамі ды наладзіць палеміку. «У Беларусі такой магчымасці амаль няма. Гэта не значыць, што ў нас толькі палітычныя і ангажаваныя шоў – якраз неангажаваныя і зусім непалітычныя. Гэта актуальныя грамадскія праблемы, тое, што хвалюе само грамадства”, - адзначае Эдуард Мельнікаў.

Вядучы ток-шоў “Форум” звяртае ўвагу на тое, што кожны раз у студыі застаюцца пустымі крэслы для экспертаў з дзяржаўнага боку. “Былі лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта, былі лісты афіцыёзным гісторыкам з Акадэміі навук. Яны атрымалі гэтыя лісты, а потым кідалі слухаўку, калі мы да іх звярталіся. Мы заўсёды запрашаем супрацьлеглы бок, але яго няма”, - гаворыць Мельнікаў.

Ці спадабаецца перадача тэлегледачам ?

Не прысутнічалі прадстаўнікі ўлады і на перадачы, прысвечанай беларусам замежжа. З ліку незалежных экспертаў па гэтай тэме прыехаў гісторык Алег Гардзіенка. У часе перадачы Алег Гардзіенка кампетэнтна адказваў на самыя розныя пытанні гледачоў, а пасля прызнаўся, што больш турбаваўся за тое, “як будуць здымаць, як будзеш выглядаць”.

Алег Гардзіенка, які з’яўляецца рэдактарам незалежнага сайта “Наша ніва”, не бярэцца прагназаваць, ці спадабаецца перадача тэлегледачам. На яго думку, беларусам ніколі не ўгадаеш, што спадабаецца. “Я, як рэдактар сайту, магу засведчыць, што доўга працуеш над навіной, стараешся, а яе прачытаюць усяго 100 чалавек. А пра ровар, які скралі ў Маладзечне, могуць прачытаць 700 чалавек”, - адзначае Алег Гардзіенка.

Галоўнае – высокі ўзровень якасці ?

Удзельнікі, якія прысутнічалі непасрэдна ў студыі, перадачу ацэньваюць станоўча. Сяржук Бахун, сустаршыня “Маладога Фронта”, якраз знаходзіўся ў Вільні і не абмінуў магчымасці папрысутнічаць на запісы ток-шоў. Сяржук Бахун адзначае, што ўсё, што ён тут убачыў, выглядала па-сапраўднаму: і святло пражэктараў, і мноства камераў з усіх бакоў, і грым на тварах удзельнікаў, каб потым у кадры не блішчэлі насы.

“Гэта было сапраўднае тэлебачанне, тут якасць на вельмі высокім узроўні. Я хацеў бы пажадаць Белсату, каб узровень падтрымліваўся, бо якасць будзе тым, што будзе адрозніваць Белсат ад БТ”. Па словах Сяржука Бахуна, шараговыя людзі будуць цаніць узровень, і калі яны прывабяцца ўзроўнем, яны прывабяцца і тым зместам, які нясе Белсат.

А вось Рэнальда Кірыліцэ, рэжысёр ток-шоў “Форум” з літоўскага боку, упэўнена, што тэхнічная якасць – не самае галоўнае для поспеху незалежнага тэлеканала. Як зазначае Рэнальда Кірыліцэ, ніякія дэкарацыі не заменяць людзей, якія ў эфіры не баяцца выказваць набалелае. “Мы самі вельмі доўга знаходзіліся ў такой сітуацыі, як цяпер Беларусь. У мяне маці была палітзняволенай і прасядзела ў савецкіх лагерах дзесяць год. Мы так радаваліся за кожнае свабоднае слова, за праўду. Я вельмі разумею беларусаў, якія прыязджаюць сюды кожны тыдзень за столькі кіламетраў, а потым едуць назад, каб выказаць свабоднае слова і штосьці пачуць, каб зрабіць крок наперад”, - адзначае літоўскі рэжысёр ток-шоў “Форум” Рэнальда Кірыліцэ.

Контекст