1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Беларусы мусяць пераадолець страх

У Беларусі па запрашэнні “Моладзі БНФ” знаходзілася група моладзевых актывістаў з шасці краінаў Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Маладыя палітыкі азнаёміліся з сітуацыяй у Беларусі, наведалі мітынг прадпрымальнікаў.

default

Чальцы дэлегацыі з’яўляюцца сябрамі дэмакратычнай супольнасці маладых еўрапейскіх палітыкаў “DEMYC”, якая аб’ядноўвае моладзевыя арганізацыі хрысціянска-дэмакратычных і кансерватыўных партыяў кантынента. Колькасць удзельнікаў “DEMYC” перавышае мільён чалавек.

Убачыць канец апошняй дыктатуры

Сябры супольнасці часта наведваюць краіны, якія яшчэ нядаўна былі пад камуністычным ярмом, альбо у якіх яшчэ ёсць праблемы з пабудовай дэмакратыі, адзначыў адзін з кіраўнікоў “DEMYC” палітык з Грэцыі Канстанцінас у часе спецыяльнай сустрэчы з журналістамі:

“Натуральна, мы не маглі пакінуць па-за ўвагаю Беларусь, якая лічыцца апошняй дыктатурай у Еўропе. За апошнія сорак гадоў мы бачылі, як руйнаваліся дыктатуры ў Гішпаніі, Грэцыі, Партугаліі, таму вельмі хацелася б убачыць, як абрынецца дыктатура тут, у Беларусі”.

Паводле Канстанцінаса, у 1997 годзе “DEMYC” ужо ладзіў кампаніі па вытворчасці і распаўсюдзе постараў “Вольная Беларусь”, цяпер, на яго думку, да беларускага пытання трэба вяртацца зноў.

“Мы прыехалі сюды, каб падтрымаць нашых беларускіх калегаў, каб запэўніць, што і надалей будзем уздымаць праблемы Беларусі ў еўрапейскіх структурах”.

Уражанні ад акцыі прадпрымальнікаў

Вялікае ўражанне чальцы дэлегацыі атрымалі ад наведвання мітынгу прадпрымальнікаў, даведаўшыся пра сутнасць іх канфлікту з уладамі, адзначае ісландзец Арні:

“Убачанае прымусіла нас падумаць пра тое, што законы прымаюцца невялікай групкаю людзей, і законы гэтыя добра не прадумваюцца. Калі шырокая грамадскасць не далучаная да прыняцця рашэнняў, як у выпадку з прадпрымальнікамі, то менавіта гэта і падштурхоўвае людзей на актыўныя пратэстныя дзеянні, бо іхныя інтарэсы не былі ўлічаныя. І такое немагчыма ўявіць у нашых краінах”.

Усё ў руках саміх беларусаў

Суайчыннік Арні Болі Тордасэн падкрэсліў важнасць таго, каб беларусы самі імкнуліся ператварыць сваю краіну ў сапраўды дэмакратычную дзяржаву.

“Замежная, міжнародная падтрымка – гэта, канешне ж, важна. Але вы, беларусы, самі павінныя імкнуцца вырашыць свае праблемы. Убачанае намі падчас акцыі прадпрымальнікаў сведчыць пра наяўнасць у беларусаў вялікага патэнцыялу. Я хацеў бы адзначыць, што на плошчы не было заўважана шмат яркіх лідэраў, але тым часам усе разам былі гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за нейкія дзеянні. Беларусы - гэта людзі, якія засведчылі гатоўнасць да актыўных дзеянняў, а не толькі да чакання дапамогі звонку”.

На думку сябра дэлегацыі з Эстоніі Эра Элоенурма, людзей змушае выходзіць на вуліцы Мінска адсутнасьць магчымасці выказаць свае меркаванне іншымі сродкамі:

“У людзей у Беларусі няма такой магчымасці давесці непратэстнымі сродкамі свой пункт гледжання. Тут існуе вялікая праблема з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі, праблема са свабодаю слова”.

Галоўнае – пераадолець страх

І яшчэ на адную вельмі важную рэч звярную увагу эстонкі маладзён:

“Беларусам вельмі неабходна пераадолець страх, бо толькі пераадолеўшы страх, яны будуць здольныя на нейкія больш важкія і сур’ёзныя ўчынкі. Тады і сітуацыя зменіцца ў лепшы бок, і іх меркаванне будуць улічваць улады пры прыняцці рашэнняў”.

За час сваго знаходжання ў Беларусі маладыя палітыкі таксама азнаёміліся з гістарычнымі помнікамі сталіцы, правялі шэраг сустрэчаў са сталымі беларускімі палітыкамі. На развітанне чальцы дэлегацыі паабяцалі аднавіць і напаўняць кантэнтам Інтэрнет-сайт http :// freebelarus . org. А праз месяц плануецца прыняцце рэзалюцыяў па беларускім пытанні.