1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Беларускі партал – ахвярам сталінізму

У сеціве з’явіўся партал, прасвечаны ахвярам сталінскіх рэпрэіяў у Беларусі, стваральнік якога – пісьменнік і даследчык чырвонага тэрору Леанід Маракоў. На імпрэзе у сядзібе БНФ абмяркоўвалі чорныя старонкі гісторыі.

default

Леанід Маракоў шмат гадоў займаецца зборам інфармацыі пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Мала хто ведае, што даследчык і публіцыст у недалёкай мінуўшчыне быў паспяховым бізнэсоўцам, але жаданне адкрыць праўду пра свайго дзядзьку – вядомага пісьменніка Валерыя Маракова, расстралянага энкавэдыстамі 29 кастрычніка 1937 году ў мінскай турме “амерыканцы” разам з дзясяткамі слынных дзеячоў беларускай літаратуры, прымусіла заняцца новай справай.

Леанід Маракоў, пакінуўшы прадпрымальніцтва, напісаў і за ўласны кошт ужо выдаў каля дваццаці кніг, прысвечаных пакутнікам сталінізму, адная з самых вядомых – “Ахвяры і карнікі”. На падыходзе -яшчэ каля пятнаццаці выданняў. У гэтых кнігах аўтар не толькі размяшчае біяграфіі рэпрэсаваных мірных жыхароў, але і падае падрабязную інфармацыю пра тых, хто здзяйсняў гэтыя злачынствы, з датамі і фотаздымкамі.

Тысячы біяграфій

Нядаўна было прынятае рашэнне стварыць і адмысловую старонку ў інтэрнэце. Распавядае сам пісьменнік і даследчык: "Сайт – таму што не было ўжо грошай на кнігі, а ўжо было напісана дзевяць тамоў – пятнаццаць тысяч біяграфіяў, і хацелася, каб людзі даведаліся. Сябры мне сказалі: ці машына табе будзе на пяцідзесяцігоддзе, ці што хочаш. І я вырбаў гэты не зусім сайт, гэта мацнейшы інтэрнэт-рэсурс – сто сайтаў у адным. Там ужо пятнаццаць тысяч біяграфій, навейшая для Беларусі і ўвогуле пошукавая сістэма, а з цягам часу будзе размешчана каля ста трыццаці тысяч лёсаў”.

Пакуль інфармацыя на рэсурсе не можа ахапіць усе пласты пацярпелага ад рук сталінскіх апрычнікаў насельніцтва Беларусі. Але ўжо тое, што можна знайсці, зайшоўшы на адрас www.marakou.by, уражвае, калі ўявіць, што ўсё гэта зроблена адным чалавекам.

“Біяграіі ўсіх рэпрэсаваных інтэлектуалаў Беларусі, чатыры тысячы настаўнікаў, тры тысячы праваслаўных і каталіцкіх святароў Беларусі – поўныя іх біяграфіі, паўтары тысячы медыцынскіх работнікаў, больш за тысячу літаратараў і навукоўцаў, рыхтуецца том “Беларусы ў расійскіх канцлагерах” і гэтак далей”, - сказаў Леанід Маракоў.

Вяршыня айсберга

Кандыдат гістарычных навук, даследчык сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузняцоў адзначыў важнасць праробленай працы Леаніда Маракова і стварэння новага парталу: “З тэарэтычнага пункту гледжання, безумоўна, гэта вельмі важна. Для тых, хто займаецца гэтымі пытаннямі, гэта той аб’ём інфармацыі, якую нідзе ў іншым месцы знайсці нельга, таму адназначна гэта добра. З прыкладнога пункту гледжання, таксама відавочная яго карысць, але патрэбная адпаведная рэкламная кампанія, трэба даць інфармацыю, хто расшуквае, пра лёсы, пра колькасць, такая і такая сістэма пошуку… Калі сюды можна будзе звярнуцца і знайсці патрэбную інфармацыю, то партал адыграе сваю ролю”.

Але, на думку навукоўца, наперадзе яшчэ багата працы: “Тут праведзеная пэўная выбарка. Святары - так, можна шукаць. Інтэлігенцыя, настаўнікі, так, можна шукаць. Але гэта толькі верхалінка айсберга. Трынаццаць тысяч прозвішчаў размешчаныя на гэтым партале, а ў Беларусі, па маіх падліках, былі рэпрэсаваныя каля мільёна дзвюхсот тысяч чалавек, і нават калі ўзяць афіцыйную статыстыку – шасцьсот тысяч. Трынаццаць тысяч і шасцьсот тысяч… Да, гэта пачатак працы, але гэта яшчэ вузкі сегмент, па якім хтосці штосці можа знайсці”.

Паводле Ігара Кузняцова, “сёння рэсурсы і магчымасці абмежаваныя, таму кожную работу трэба вітаць. Нехта ўзяўся за гэты сегмент, нехта іншы возмецца за іншы сегмент. Гэта ўсё будзе толькі плюс і дазволіць у сукупнасці сабраць усе звесткі ў адную базу, якая дазволіць вырашыць ўсе гэтыя пытанні”.

Не ў інтарэсах улады

Многія прысутныя на імпрэзе адзначалі, што, па вялікім рахунку, тым, чым займаецца Леанід Маракоў, мусіла б займацца дзяржава, у якой магчымасці непараўнальна большыя. Але рэжысёр Валеры Мазынскі так мяркуе, чаму на афіцыйным узроўні нічога не робіцца дзеля ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму: “Улада займаецца тым жа самым, улада займаецца рэпрэсіямі. Таму ім і не патрэбна, яны з таго ж поля. І гэта лагічна, што яны не хочуць гэтым займацца!”.

Дзесяткі літаратараў, мастакоў, палітыкаў, навукоўцаў шчыра павіншавалі Леаніда Маракова і з пяцідзесяцігоддзем. Паэт Сяргей Законнікаў, звяртаючыся да юбіляра, пры канцы імпрэзы адзначыў: “Пры гэтай уладзе героем Беларусі ты не станеш. Гэта я табе гарантую. Але пры новай уладзе я хачу дажыць, каб павіншаваць цябе з гэтым званнем. Я думаю, што так і будзе”.