1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Беларускія ўлады зрабілі стаўку на датэрміновае галасаванне?

На парламенцкіх выбарах у датэрміновым галасаванні ў першы яго дзень ўзялі ўдзел 2,7% выбаршчыкаў Беларусі. Многа гэта ці мала?

default

У першы дзень датэрміновага галасавання, як паведаміў Deutsche Welle сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік, узялі ўдзел 2,7% ад унесеных у спісы выбаршчыкаў.

"Па Брэсцкай вобласці - 2,2%, у Віцебскай - 3,1%, такі ж адсотак па Гомельскай вобласці, у Гродненскай вобласці 2,5%, у Мінскай вобласці 3%, у Магілёўскай - 2,6% і ў горадзе Мінску 2,3% выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова".

На думку Мікалая Лазавіка, па набліжэнні дня выбараў гэты адсотак будзе ісці па нарастальнай, бо людзі будуць больш выразна вызначацца са сваімі планамі на выходны дзень.

Традыцыя галасаваць датэрмінова

Трэба зазначыць, што на мясцовых выбарах у студзені 2007 году і на мінулых парламенцкіх выбарах у 2004-м годзе у першы дзень датэрміновага галасавання была дакладна такая жа яўка -- 2,7%. У Беларусі склалася гэткая традыцыя? Мікалай Лазавік выказаў сваё меркаванне:

"Складана адказаць на гэтае пытанне. Пэўна, ёсць катэгорыя людзей, якія галасуюць датэрмінова. Да гэтай катэгорыі я адношу і сябе, бо ў дзень выбараў я дакладна ведаю, што ў Малінаўку прыехаць на выбарчы ўчастак у мяне наўрадці знойдзецца час. Пэўна, такія людзі, якія занятыя дзесьці на вытворчасці, або па іншым плануюць свой выходны дзень - заўсёды ёсць і яны, цалкам магчыма, традыцыйна галасуюць датэрмінова. Але гэта ўсяго толькі здагадка, бо прычыну, па якой грамадзянін галасуе датэрмінова, ніхто не пытае, і законам гэта не прадугледжана".

Што прымушае беларусаў напрацягу працоўнага тыдня, ды яшчэ ў працоўны час наведваць выбарчыя ўчасткі? З гэткім пытаннем я звярнуўся да Віктара Карняенкі, каардынатара кампаніі "За свабодныя і справядлівыя выбары".

"Паводле майго досведу - прымушае ўлада залежных ад яе людзей прыйсці на датэрміновае галасаванне і пасля гэтыя галасы становяцца інструментам для маніпуляцыі".

Калі паглядзець на гэтыя рэчы цвяроза, кажа Віктар Карняенкі то, безумоўна, магчыма ёсць такі 1-1,5% выбаршчыкаў, якія маюць неабходнасць прагаласаваць датэрмінова.

Што ж тычыцца супадзенняў у лічбах па выніках першага дня датэрміновага галасавання ў розныя гады, то, паводле Віктара Карняенкі, "складваецца ўражанне, што ёсць цыркуляры, якія выконваюцца на месцах".

Незалежны палітолаг Валер Карбалевіч, у сваю чаргу, выказаў меркаванне: "Я лічу, што менавіта гэта датэрміновае галасаванне стане галоўным спосабам дасягнення таго выніку, які хочуць улады. То бок, калі ўдасца дасягнуць 20% датэрміновага галасавання па ўсім акругам, то ў прынцыпе сам дзень галасавання 28 верасня практычна ўжо нічога не вырашае. На гэты дзень можна зрабіць выбары абсалютна празрыстымі. Паколькі вынік будзе зроблены на папярэднім галасаванні".

Контекст