1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Беларускія і расійскія праваабаронцы абмяркавалі сітуацыю ў Беларусі

У грамадскую беларуска-расійскую праваабарончую камісію Рады па судзеянні развіццю інстытутаў грамадзянскай супольнасці і правах чалавека пры прэзідэнце Расіі ўваходзяць вядомыя палітолагі, праваабаронцы і журналісты

default

Камісія абмяркоўвае актуальныя праблемы грамадзянскай супольнасці, і яе высновы, як правіла, маюць прапаноўчы характар.

Грамадская беларуска-расійская праваабарончая камісія Рады па судзеянні развіццю інстытутаў грамадзянскай супольнасці і правах чалавека пры прэзідэнце Расіі была створаная 1 чэрвеня 2005 году. У яе ўваходзяць вядомыя палітолагі, праваабаронцы і журналісты дзвюх краінаў. Камісія абмяркоўвае актуальныя праблемы грамадзянскай супольнасці, і яе высновы, як правіла, маюць прапаноўчы характар.

У сённяшнім паседжанні таксама бралі ўдзел старшыня Рады па судзеянні развіццю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека Эла Памфілава, прадстаўнікі беларускае амбасады ў Расіі і Сталага камітэту Саюзнае дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама адмысловы дакладчык Камісіі па правах чалавека ААН Адрыян Севярын, якому ўлады Беларусі забаранілі ўезд у краіну.

На сённяшнім паседжанні камісіі разглядаліся вынікі працы вышэйшага Дзяржсавету саюзнае дзяржавы ў Санкт-Пецярбурзе на мінулым тыдні, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Удзельнікі паседжання выказалі заклапочанасць лёсам Антона Філімонава, непаўнагадовага сына па-зверску забітай беларускай журналісткі Веранікі Чаркасавай, які ўжо больш за месяц знаходзіцца ў СІЗА. Камісія выказала абурэнне метадамі ўдзеяння на падлетка, што выкарыстоўваюцца з мэтаю прымусіць яго падпісаць прызнанне ў забойстве маці, і намерваецца звярнуцца ў Генеральную пракуратуру Беларусі з просьбаю змяніць меру стрымання шаснаццацігадоваму маладзёну.

Таксама на паседжанні гаворка вялася пра неабходнасць падтрымкі Беларускага Хельсінскага камітэта, які падпаў пад жорсткі ўціск з боку афіцыйнай улады Беларусі. Чакаецца, што па пытанні пераследу БХК таксама будзе падрыхтаваная адмысловая заява. Да таго ж, на паседжанні было прынятае рашэнне пра накіраванне ў Беларусь назіральнікаў аб расійскіх праваабарончых арганізацыяў на прэзідэнцкія выбары. Спецыяльны дакладчык Камісіі па правах чалавека ААН Адрыян Севярын у сваім выступе адзначыў, што толькі актыўны ўдзел Расіі зможа істотна і хутка паўплываць на тыя працэсы, што адбываюцца ў Беларусі. І шгто толькі пры актыўным удзеле Расіі міжнародная супольнасць можа дабіцца ад беларускага рэжыму паслаблення і вяртання ў дэмакратычнае цывілізаванае рэчышча.

Паводле Паўла Шарамета, дакладчык ААН Адрыян Севярын праводзіць шмат сустрэчаў і кансультацыяў у Маскве, дзе тлумачыць значнасць адэкватнасці рэакцыі Расіі на падзеі ў Беларусі. У прыватнасці, сёння ж Севярын выступіў з вялікім дакладзе на Савеце па знейшняй і абароннай палітыцы Расіі, у які ўваходзяць каля ста вядомых палітыкаў, экспертаў, грамадскіх дзеячоў, вайскозцаў Расіі. Як адзначыў Павал Шарамет, “сам факт таго, што Севярын звяртаецца да расійскай палітычнай эліты з такой прапановаю і расійская палітычная эліта абмяркоўвае з ім гэтую пазіцыю, - гэта паказальна. Я думаю, што некалькі гадоў таму такая пастаноўка пытання ў Расіі ўвогуле не ўспрымалася б”, - адзначыў Павал Шарамет.