1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Беларускія прадпрымальнікі зноў пратэстуюць

Затрыманнямі дэмакратычных актывістаў адзначылася 18 лютага акцыя прадстаўнікоў малога бізнесу у Мінску. Чарговым разам яны патрабавалі адмену прэзідэнцкага ўказу № 760 і прадастаўлення эфіру на дзяржаўным тэлебачанні.

default

“Я - індывідуальны прадпрымальнік – беспрацоўны”, “ЧУП – гэта збядненне”, “Я тут не па сваёй волі, але па ўказу прэзідэнта”, - такія ды іншыя плакаты трымалі ў руках тыя індывідуальныя прадпрымальнікі, хто змог патрапіць на Кастрычніцкую плошчу. Яшчэ да пачатку акцыі тых, хто стаяў на плошчы, аколілі спецназаўцы і за некалькі хвілінаў выціснулі з цэнтру горада. Гэтым разам не было зроблена выключэння і для журналістаў – нават карэспандэнтаў расійскіх тэлеканалаў пазбавілі магчымасці нармальна працаваць.

З інтэрвалам у некалькі хвілінаў паступала інфармацыя пра затрыманні ў цэнтры сталіцы – асобы ў цывільным схапілі, пасадзілі ў мікрааўтобус і адвезлі немаведама куды экс-кандыдата на прэзідэнта, лідэра Руху “За свабоду!” Аляксандра Мілінкевіча разам з паплечнікамі Аляксеем Кавальцом і Алесем Лагвінцом, у іншым месцы былі затрыманыя лідэр мінскіх прадпрымальнікаў Алесь Макаеў і палітык Вячаслаў Сіўчык, крыху пазней на Кастычніцкай плошчы міліцыянты затрымалі Вольгу Казуліну – дачку беларускага “палітвязня нумар 1”, якая выйшла з палакатам “Свабоду індывідуальным прадпрымальнікам!”, дзе былі прымацаваныя і партрэты яе бацькі Аляксандра Казуліна.

Астатніх, хто трапіў пад першую хвалю “зачысткі”, у цесным коле спецназаўцы вялі некалькі кіламетраў ад Кастрычніцкай плошчы ажно да Міністэрства абароны на вуліцы Камуністычнай.

Не ведаюць, што робяць

На думку палітыка, нядаўняга палітвязня і экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца, дзеянні праваахоўных органаў у цэнтры Мінску па прысячэнні якцыі прадпрымальнікаў “гэта поўны маразм. Яны робяць не зразумелую і ім самім работу. Гэта страх пасля апошніх дзвюх акцыяў, калі прадпрымальнікі пайшлі да Адміністрацыі прэзідэнта, а потым да Дому ўраду”. Па словах Сяргея Скрабца, кіраўніцтва краіны на сённяшні дзень проста вельмі запалоханае.

Нядаўні палітвязень звярвае такія дзеянні ўладаў з будучымі веснавымі акцыямі: “Яны рэпетуюць тое, што будуць рабіць 25-га сакавіка. Гэта зразумела, таму што гэта практычна апошняя акцыя перад 90-годдзем БНР”

Дайце эфір!

Лідэры прадпрымальнікаў мелі намер наведаць беларускую тэлевізію, каб запатрабаваць магчымасці эфіру з удзелам дробных бізнесоўцаў і прадстаўнікоў улады, каб давесці праўду пра сітуацыю з малым бізнесам у Беларусі. ІПэшнікі выказалі абурэнне падачай інфармацыі пра іх у афіцыйных СМІ: “Ва ўсіх газетах прадпрымальнікаў абражаюць, прыніжаюць, не даюць праўдзівае інфармацыі. Таму мы заяўляем: на нашыя падаткі БТ хлусіць, БТ падманвае народ!”

Як падксрэсліў лідэр руху “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў, законапаслухмяныя падаткаплатнікі Беларусі не маюць права выступаць у сябе на тэлебачанні, не маюць права даваць матэр’ялы ў дзяржаўныя газеты, таму што ўлада ўзурпіравала сродкі масавай інфармацыі.

Патрабаванні застаюцца

Магчымасці трапіць у эфір ці ўвогуле ў будынак на вуліцы Камуністычнай, дзе месціцца тэлеканал ОНТ, прадпрымальнікам не далі спецназаўцы, якія перакрылі шлях. Як паведаміў Віктар Гарбачоў,

тыя перамовы, якія зараз вяліся з “таварышамі наверсе”, вынікаў не далі: “Нас не пускаюць, але нашыя патрабаванні застаюцца ранейшымі, плюс выкананне дванаццаці ўмоваў Еўразвязу”.

Намеснік Гарбачова Алесь Таўстыка нагадаў, што ў “дванаццаці прапановах ЕЗ таксама ставіцца пытанне пра малы і сярэдні бізнес у Беларусі, каб нашы людзі маглі свабодна развівацца, таму кампанія за свабоднае развіццё прадпрымальніцтва існавала і будзе існаваць”.

Праблемы нарастаюць

Паводле словаў Віктара Гарбачова, “праблемы нарастаюць, бы снежны ком, кожны дзень, таму калі чыноўнікі не адважацца і не сядуць з намі за стол перамоваў найбліжэйшым часам, то гэтыя праблемы могуць перакінуцца на вуліцы”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька з нагоды нежадання чыноўнікаў дапусціць прадпрымальнікаў да афіцыйных медыяў адзначыў, што людзей затрымліваюць, бо не хочуць, каб тысячы выходзілі на вуліцы. Яны хочуць чуць версіі таго, што адбываецца па тэлевізіі Аляксандра Лукашэнкі. У людзей нават няма права голасу. Людзі хацелі прайсці да тэлевізіі і сказаць: дайце нам дзесяць хвілінаў, каб мы сказалі тое, што ёсць насамрэч, а не тое, што гаворыць беларуская прапаганда. Ім у гэтым адмовілі”, - гаворыць Анатоль Лябедзька.

Правакацыя супраць журналістаў

Аднак, некаторым актывістам парадпрымальніцкага руху ўсё ж атрымалася перадаць пісьмовыя патрабаванні аб прадастаўленні ім тэлеэфіру на адрас кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага. Дарэчы, пры канцы невядомы правакатар кінуўся да прадстаўнікоў СМІ і сарваў у двух з іх журналісцкія пасведчанні. Спецназаўцы адабралі ў нецвярозага дэбашыра і вярнулі журналістам дакументы, але нягледзячы на тое, што хуліган знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і відавочна парушаў грамадскі парадак, міліцыянты яго не затрымалі.

Контекст