1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Беларускія апазіцыянеры пратэстуюць супраць забароны на выезд

Спецслужбоўцы ў цывільным выкарысталі фізічную сілу пры спробе перашкодзіць вядомым палітыкам, якім забаронены выезд за межы Беларусі, перадаць звароты з пратэстам у МУС і Генпракуратуру Беларусі.

default

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька

Пратэст з нагоды абмежавання ім свабоды перасоўвання падпісалі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч, а таксама моладзевыя актывісты Юрась Карэтнікаў і Павел Кур’яновіч. Лябедзька і Дашкевіч цягам доўгага часу на могуць легальна пакідаць межы краіны, каб брць удзел у мерапрыемствах, ладжаных еўрапейскімі структурамі ў іншых дзяржавах, куды яны атрымліваюць запрашэнні. Часцей за ўсё палітыкі мусяць выязджаць праз тэрыторыю Расіі, што звязана з вялікімі выдаткамі і доўгім часам на дарогу.

Як адзначаецца ў звароце палітыкаў на імя генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча, міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава і Вярхоўнага камісара Еўразвязу па знешныяй палітыцы і бяспецы Хаўера Саланы, артыкул 30 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам Беларусі права “свабодна перасоўвацца і абіраць месца жыхарства у межах Беларусі, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад”. Аднак, у рэчаіснасці сітуацыя зусім іншая.

Пазбаўленне правоў

На прыклад, Юрася Карэтнікава, як і сотні іншых дэмакратычных актывістаў, выклікалі на допыты па справе выбуху ў Мінску ўноч на 4 ліпеня. Маладзён нават некалькі сутак правёў у ізалятары часовага ўтрымання, потым быў адпушчаны, але дагэтуль у дачыненні да яго захоўваецца забарона на выезд.

“Улічваючы тое, што я навучаюся ў Кіеве, і тое, што я працаваў, пакуль мяне не звольнілі, у Расіі ў фірме, то фактычна гэтым нявыездам дзяржава пазбавіла мяне права на нармальнае існаванне і на працу", - адзначае Юрась Карэтнікаў.

Падобная сітуацыя склалася і ў кіраўніка Маладога Фронту Зміцера Дашкевіча:

“Я, не маючы тлумачэнняў ні з аднаго з дзяржаўных інстытутаў, не магу скончыць навучанне ў Віленскім педагагічным універсітэце”.

Як заявіў Юрась Карэтнікаў, “паколькі сёння Еўропа зняла абмежаванне на ўезд для чыноўнікаў, то мы патрабуем ад уладаў хаця б сіметрычны адказ, бо існуе шэраг палітычных лідэраў розных арганізацыяў, якія пазбаўлены права на выезд за мяжу. Таму мы патрабуем непасрэдна ад генпракурора Васілевіча і спадара Навумава спыніць палітычны пераслед і палітычныя абмежаванні на выезд для ўсіх грамадзянскіх актывістаў”.

Умяшанне спецслужбаў

У будынак Міністэрства ўнутраных справаў з першага разу актывістаў не пусцілі: спецслужбоўцы ў цывільным сілаю адсунулі іх ад уваходу адразу пасля таго, як падпісанты звароту павесілі на сябе шыльды з надпісам “Палітневыязны”. Пры гэтым палітыкаў, якія скіраваліся ў бок Генеральнай пракуратуры, і журналістаў асобы ў цывільным, падганяючы, штурхалі ў спіны.

Як адзначыў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, “кожны грамадзянін па закону мае права звярнуцца ў дзяржаўную ўстанову. А сёння аказваецца, што ў нас ёсць дзяржаўныя ўстановы, куды грамадзяніну нельга звярнуцца з нейкім пытаннем. Атрымоўваецца, што Міністэрства ўнутраных справаў - гэта закрытая ўстанова”.

Ля Генпракуратуры людзі ў цывільным кінуліся на Зміцера Дашкевіча, парвалі шыльду і нанеслі яму некалькі ўдараў, тым не менш, яму і Анатолю Лябедзьку атрымалася трапіць у пракуратуру і перадаць зварот. Потым дакумент быў перададзены ў пасольства Францыі і, ужо з другой спробы, у Міністэрства ўнутраных справаў, ля якога таксама адбылася невялікая патасоўка. Згодна заканадаўства, адказ на свой зварот яго аўтары мусяць атрымаць праз два тыдні. Па словах Анатоля Лябедзькі, калі з дзяржаўных установаў не будзе афіцыйнага адказу, “невыязныя” падпісанты звароту абяцаюць выйсці на вуліцы.

Контекст