1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Беларускіх чыноўнікаў будуць вучыць у Еўропе

У Беларусі будуць удасканалены адміністратыўныя працэдуры. Менавіта з гэтай мэтай пачаўся праект Праграмы развіцця ААН. Каб навучыць чыноўнікаў эфектыўна ўзаемадзейнічаць з грамадзянамі выдаткоўваецца 150 тыс даляраў.

За ўдасканаленне адміністратыўных працэдураў узяўся Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Арганізатары лічаць праект своечасовым. Барацьба з карупцыяй і бюракратызмам доўгі час з'яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі, аднак эфектыўных механізмаў узаемадзеяння чыноўнікаў і грамадзянаў так і не было выпрацавана.

Паўтары гады таму быў падпісаны Указ прэзідэнта №432, скіраваны на ўкараненне прынцыпу «аднаго акна». Гэта прынцып мусіў палепшыць працу дзяржаўных органаў з грамадзянамі і спрасціць выдачу разнастайных даведак і дакументаў. Аднак, на думку менеджэра праекта Праграмы развіцця ААН Дзмітрыя Фрышчына:

«спробы ўкараніць так званы прынцып “аднаго акна” не заўжды эфектыўныя. Калі мы кажам пра мясцовы ўзровень, то бок пра стасункі мясцовых уладаў з насельніцтвам, то тут не заўжды маецца разуменне гэтага прынцыпу” .

Новы праект прапануе інавацыйны падыход да беларускага заканадаўства. Арганізатары абяцаюць цягам двух год распрацаваць праект закона аб адміністратыўных працэдурах, які будзе арыентаваны на дасягненне празрыстасці працы дзяржаўных служб і максімальна адпавядаць патрэбам шэраговых грамадзянаў.

Паводле Дзмітрыя Фрышчына, дзякуючы праекту, у Беларусі будзе здзейсненая:

«рэформа адміністратыўных працэдураў. Не сама адміністратыўная рэформа, калі разумець пад гэтым перабудову дзяржаўных органаў. Але рэформа адміністратыўных працэдураў, то бок спрашчэнне ўзаемадзеяння паміж грамадзянамі і дзяржаўнымі органамі».

Дзмітрый Фрышчын падкрэслівае, што вельмі важна не толькі падрыхтаваць добры закон, але і навучыць чыноўнікаў яго выконваць. З гэтай мэтай каля сотні прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання будуць вывезеныя ў Еўропу. У лік краінаў, куды паедуць супрацоўнікі дзяржаўных установаў для пераймання паспяховага досведу, трапіла і Нямеччына.

«Мы плануем задзейнічаць Нямеччыну ў дадзеным праекце і дастаткова шчыльна ўзаемадзейнічаць. Для вывучэння ўкаранення адміністратыўных працэдураў Нямеччына з'яўляецца той краінай, якая можа паказаць Беларусі паспяховыя практыкі. Мы плануем зладзіць адукацыйны тур для прадстаўнікоў мясцовага кіравання і самакіравання менавіта ў Нямеччыну», - адзначыў кіраўнік праекта Дзмітрый Фрышчын.

Дарэчы, беларускія чыноўнікі павінны будуць прадаставіць справаздачы аб тым, якім чынам яны выкарыстаюць атрыманы досвед пры выкананні сваіх службовых абавязкаў. Так што ў хуткім часе спраўдзіць эфектыўнасць праекта ААН здолее любы грамадзянін, які сутыкнецца з адміністратыўнымі працэдурамі ў дзяржаўных установах.