1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Беларуская міліцыя перашкаджае распаўсюду незалежных выданняў

Апошнімі днямі ў розных рэгіёнах Беларусі супрацоўнікі міліцыі спрабавалі перашкодзіць дзеянням грамадскіх актывістаў, якія займаюцца бясплатным распаўсюдам недзяржаўных выданняў "Товарищ" і "Народная воля". 30 студзеня супрацоўнікі РАУС г. Жлобіна (Гомельская вобласць) забралі амаль 700 асобнікаў газеты "Товарищ" і каля 300 асобнікаў "Народнай волі" з машыны грамадскага актывіста Уладзіміра Кацоры. Каля 21.00 на трасе Мінск-Гомель блізу Жлобіна дарожная інспекцыя спыніла машыну Кацоры і, пасля таго, як ён адмовіўся без складання пратаколу паказваць салон і багажнік аўтамабіля, суправадзілі яго ў раённы аддзел міліцыі. Там пры даглядзе машыны ў яго знайшлі частку накладу згаданых газет, якія У. Кацора вёз у Гомель для бясплатнага распаўсюду. 31 студзеня галоўны рэдактар газеты "Товарищ" Сяргей Вазняк накіраваў на імя начальніка Жлобінскага РАУС падпалкоўніка міліцыі Алега Прахарэнкі заяву з патрабаваннем вярнуць газеты і пакараць за перавышэнне службовых паўнамоцтваў міліцыянтаў, якія затрымалі выданні. Абедзьве газеты выходзяць легальна, маюць усе неабходныя выходныя дадзеныя і пазнаку "Для рэкламных мэтаў".