1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Беларуская жанчына ўпершыню атрымала навуковую ступень доктара багаслоўя

Тэма яе навуковай працы – «Космас і хаос у Бібліі і старажытных міфалогіях Блізкага Усходу».

default

Селета беларуская жанчына ўпершыню атрымала навуковую ступень доктара багаслоўя. Гэта Ірына Дубянецкая з Мінску, якая паспяхова абараніла дысертацыю ў Лёванскім каталіцкім універсітэце ў Бельгіі.

На чатырохстах старонках прааналізавана больш чым 3 тысячы міфалагічных тэкстаў Блізкага Усходу і Бібліі, прапрацаваны шматлікія навуковыя даследаванні па сакральнай тэалогіі і ўсходазнаўству. Ва ўніверсітэце Ірына вучылася на ангельскай мове, аднак для напісання сваёй працы вывучыла габрэйскую, грэцкую, арамейскую мовы. Яна таксама працавала з шумерскай, акадскай, хетыцкай і ўгарыцкай мовамі, каб мець магчымасць чытаць усе тэксты ў арыгінале.

Сваю адукацыю ў галіне багаслоўя Ірына пачала ў Лондане, у Місіянерскім інстытуце па запрашэнні вядомага беларускага дзеяча – айца Аляксандра Надсана. Справа ў тым, што на пачатку 1990-х гадоў Ірына Дубянецкая актыўна працавала над Адраджэннем беларускіх духоўных традыцыяў і разам з аднадумцамі выдавала часопіс «Унія». Жадаючы зрабіць як мага больш для новага беларускага Адраджэння, яна паехала за мяжу, каб атрымаць фундаментальную тэалагічную адукацыю. У лонданскім Місіянерскім інстытуце Ірына і ейная каляжанка былі не толькі адзінымі дзяўчатамі, але і адзінымі свецкімі студэнтамі. Астатнія былі мужчыны-місіянеры, якія рыхтаваліся стаць святарамі. Гаворыць Ірына Дубянецкая:

«Мужчыны, жанчыны – гэта няма ніякай розніцы. Ёсць проста розніца, што некаторыя з хлопцаў атрымліваюць адукацыю, звязаную з іхнім святарствам. І некаторыя дзяўчаты таксама збіраюцца працаваць у царкве. Але багаслоўе – гэта навука, гэта галіна чалавечых ведаў, галіна чалавечай думкі. І яна не можа быць прывыязаная ні да воднага полу. Яна агульначалавечая. Багаслоўе робіцца не настолькі прывязаным да царквы, да літургікі, як яно проста робіцца даступным для людзей».

Дзевяць гадоў таму Ірына атрымала стыпендыю на навучанне ў Лёванскім універсітэце – самым старым з усіх каталіцкіх універсітэтаў у свеце, якія існуюць на сённяшні дзень. Ён налічвае 14 факультэтаў, дзе навучаюцца 28 тысяч студэнтаў, у тым ліку 3 тысячы замежнікаў.

Навуковыя інтарэсы Ірыны невыпадкова звязаныя з вывучэннем Бібліі і культуры старажытных цывілізацыяў Блізкага Усходу. Яна перакананая, што беларусы з’яўляюцца нашчадкамі тых магутных, дасканалых цывілізацыяў, якія ўзніклі 5 тысяч гадоў таму. На думку Ірыны, засваенне агульначалавечай спадчыны дапаможа беларусам глыбей усвядоміць сваю ўласную гісторыю і сцвердзіць Беларусь як частку старажытнай чалавечай цывілізацыі.

На жаль, пры ўсёй унікальнасці сваёй падрыхтоўкі Ірына Дубянецкая прызнаецца, што не бачыць магчымасці быць запатрабаванай у Беларусі. Але пакідаць Радзіму яна не збіраецца. У гэтай сітуацыі яна плануе прысвяціць сябе перакладу Бібліі на беларускую мову, што, на яе думку, неабходна для пазнання свету і самавыяўлення беларусаў. Як вядома, на сёння беларуская мова – адзіная пісьмовая мова з усіх існуючых, на якую няма перакладу Бібліі з арыгінальнага тэксту. Існуючыя пераклады, пачынаючы ад Францыска Скарыны, рабіліся не з арыгіналу, а перакладаліся з іншых перакладаў. Але гэта праца складаная для аднаго чалавека. Кажа Ірына Дубянецкая:

«Пераклад Бібліі – гэтіа вялікая праца. Гэта праца па-нармальнаму не для аднаго чалавека. Паплечнікі безумоўна будуць, таму што падрыхтаваныя адукаваныя людзі ёсць. Шукаць супрацоўніцтва з пэўнымі канфесіямі, я не ведаю, ці я буду. Я б шукала супрацоўніцтва з людзямі, якія ведаць габрэйскую і беларускую мову, гэчаскую і беларускую мову, якія ведаюць тэксты, з якімі яны працуюць, якія разумеюць тэксты, з якімі яны працуюць, гэта павінна быць беларуская Біблія, перакладзеная кваліфікавана, перакладзеная са свядомага выбару тэкстаў і з абгрунтаваннем, чаму менавіта з гэтых тэкстаў, з крытычным апаратам, каб чалавек мог працаваць з гэтай Бібліяй.»

Увогуле, Ірына Дубянецкая сваёй мэтай бачыць шырокую асвету народа, стварэнне навуковага падмурку для самаразвіцця беларускай нацыі. Хаця пры гэтым і разумее, што ў сённяшніх варунках неабходна пачынаць практычна з нуля і наўрад ці гэта будзе запатрабавана самім грамадствам.