1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Беларуская апазіцыя пазбаўлена слова

Беларуская асацыяцыя журналістаў абвясціла вынікі маніторынгу на тэму “Рэпрэзентацыя палітычных суб'ектаў у СМІ напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзідэнта”.

Галоўны палітычны суб'ект краіны - прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка - прадстаўлены станоўча альбо надзвычай станоўча ва ўсіх дзяржаўных СМІ. На дзяржаўных тэлеканалах з'явіліся новыя прапагандысцкія праекты.

Інфармацыя пра асвятленне беларускімі СМІ прэзідэнцкіх выбараў, заснаваная на выніках аналізу электроннай апрацоўкі дадзеных, атрыманых за час ад 28-га студзеня да 10-га лютага. Аўтары маніторынгу адзначаюць, што, як і ў першы месяц перадвыбарнай кампаніі, у дзяржаўнай прэсе дамінуе пазітыўны вобраз толькі аднаго з патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта - Аляксандра Лукашэнкі. Альтэрнатыўныя прэтэндэнты практычна адсутнічаюць. Выключэнне ў некаторых СМІ зробленае для адзінага кандыдата ад апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча. У паказаным па першым нацыянальным тэлеканале фільме "Сатанінская імперыя" (аўтар Юры Азаронак) ЗША былі названыя краінай, дзе - цытата - «открыто поклоняются сатане». Амаль на пачатку фільму з'яўляецца Мілінкевіч, а голас за кадрам паведамляе: “они готовы... холуйски выполнять любое желание правителей этого государства».

Увогуле, паводле меркавання аўтараў маніторынгу, апазіцыя паўстае як неперсаніфікаваны суб’ект, які асвятляецца альбо негатыўна, альбо скрайне негатыўна. Пры гэтым яе зласлоўны вобраз заснаваны на эфектах медыяў. У прыватнасці, Павал Якубовіч, галоўны рэдактар “Советской Белоруссии”, адзін з заснавальнікаў выдання прэзідэнцкай адміністрацыі, у рубрыцы "Калонка рэдактара" піша: “...не могу отделаться от ощущения, что, несмотря на респектабельную внешность, Милинкевич – опасный человек».

Сумневы з нагоды іншага прапагандысцкага тэлепраекту "За Беларусь" (канал ОНТ), які з'явіўся да афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнта, развейваюць яго ўдзельнікі. На адным з канцэртаў спявачка Ілона Бранявіцкая паведаміла публіцы: «Я имела счастье, имела честь стоять на сцене «Славянского базара». Появился Александр Григорьевич. Он вручил нам по букету цветов и поцеловал нас. Боже ты мой, я испытала настоящий трепет! За Беларусь!». У парламенцкай камісіі па правах чалавека, міжнацыянальных стасунках і СМІ, куды я звярнулася за каментаром адносна вынікаў маніторынгу, мне паведамілі, што за пытанні прэсы ў камісіі адказныя два чалавекі. Адзін з іх сёння адсутнічае, другі - у дэкретным адпачынку, а той, хто ачольвае камісію, – у чарговым адпачынку. Спробы высветліць, што мяркуюць наконт апублікаваных дадзеных у Белтэлерадыёкампаніі, таксама не мелі поспеху. У прэс-службе адмовіліся ад усялякіх каментароў. Вядомае толькі меркаванне сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка. Згодна яго меркавання, існая увага дзяржаўных СМІ да дзейнасці прэзідэнта не ёсць перадвыбарнай агітацыяй.