1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Бардаўская вечарына ў падполлі

У Гомелі прайшоў канцэрт беларускай бардаўскай песні. За некалькі дзён да пачатку імпрэзы ўлады забаранілі яе правядзенне ў Палацы культуры. Каля сотні слухачоў прыйшлі на сустрэчу з выканаўцамі ў прыватны катэдж.

default

Невялікая заля гомельскага офіса Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўжо не змяшчае ўсіх прысутных. Ставяцца дадатковыя крэслы, хтосьці вымушаны застацца каля дзвярэй. А аматары беларускай бардаўскай песні ўсё падыходзяць і падыходзяць.

Сярод выступоўцаў – папулярныя мясцовыя спевакі Андрусь Мельнікаў, Вальжына Цярэшчанка, Зміцер Вінаградаў і госці з Мінску Зміцер Бартосік і Яўген Валошын. Арганізатары канцэрту не могуць зразумець, чым не дагадзілі сённяшняй уладзе прыхільнікі аўтарскай песні з іх рамантыкай і лірыкай.

За тыдзень да канцэрту дырэктар Палацу культуры патлумачыў, што вымушаны адмовіць у залі для бардаўскай вечарыны. Прычына ў тым, што нібыта мясцовыя ўлады забаранілі правядзенне ўсялякіх канцэртаў уключна да пачатку ліпеня, да правядзення афіцыйнага дня незалежнасці. Ларыса Шчыракова, адна з ініцыятарак канцэрту, лічыць, што...

“...гэта проста смешна. Так сказаў дырэктар, а яму проста загадалі. Ён сам быў вельмі здзіўлены, таму сказаў першае, што прыйшло ў галаву”.

Ларыса Шчыракова хвалявалася цягам усёй вечарыны: яна чакала, што ў любую хвіліну ўлады паспрабуюць сарваць канцэрт. На шчасце, вечарына прайшла без непрыемных неспадзяванак.

“Я вельмі хвалююся. Я як арганізатар хацела б, каб такі канцэрт адбыўся. На маю думку, няхай ён пройдзе ў такіх умовах, у прыватнай хаце, чым ён не адбудзецца зусім”.

Выглядае на тое, што паўпадпольныя ўмовы правядзення канцэрту асабліва не турбуюць ні слухачоў, ні спевакоў. Малады выканаўца Яўген Валошын прызнаецца, што яго бянтэжыць толькі тое, што ён не зможа праспяваць для большай колькасці гамельчукоў:

“Цікава было б, колькі чалавек прыйшло б у вялікую залю. Бардаўская музыка зараз не ў цане, як кажуць. Але ўсё роўна падпольныя ўмовы, рамантыка, шмат моладзі прыйшло, цікавых людзей – мне падабаецца”.

Для гомельскага барда Зміцера Вінаградава прыватна арганізаваны канцэрт – адзіная магчымасць прэзентаваць свой новы музычны альбом. Спявак перакананы, што сітуацыя з забаронай канцэрту

“цалкам адпавядае сітуацыі ў Беларусі, прынамсі, з беларускамоўнай бардаўскай песняй. Атрымалася так, што ў нас апошнія пару год беларускамоўных бардаўскіх канцэртаў не было, і арганізаваць на дадзены момант практычна нічога немагчыма”.

А на пытанне, ці спадзяюцца беларускамоўныя выканаўцы адкрыта выступаць на вялікіх пляцоўках, Зміцер Вінаградаў адказаў:

"Гэтым спадзяваннем і жывем. А калі гэта адбудзецца, ніякіх прагнозаў пакуль даваць не будзем".