1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

А. Навіцкі: „Лацінка - гэта частка арганізму беларускай мовы“

Беларускі праект "Лацінка.орг" узнік у Польшчы некалькі гадоў таму. Удзельнікі арганізацыі - група энтузіястаў з розных краінаў, дзейнасць якіх так ці інакш звязаная з Беларуссю.

"Наша галоўная мэта - захаванне і папулярызацыя беларускай лацінкі. « Лацінка.орг» - гэта нефармальная арганізацыя людзей, якія імкнуцца папулярызаваць беларускую лацінку, падтрымліваць яе, а таксама падтрымліваць тых, хто лацінкай цікавіцца. Калі разважаць шырэй, то мы падтрымліваем беларускую лацінку як неадемную частку беларускай мовы, то бок мы падтрымліваем нейкую частку беларускай культуры",

- так адзін з заснавальнікаў арганізацыі Алесь Навіцкі тлумачыць матывы сваіх аднадумцаў. Сёння арганізацыя "Лацінка.орг" (www.lacinka.org) аб'ядноўвае людзей розных краінаў і розных інтарэсаў - польскіх бізнэсоўцаў, беларускую дыяспару, філолагаў, адмыслоўцаў у сфэры інфармацыйных тэхналогіяў, сутдэнтаў. Паводле словаў Алеся Навіцкага, у праекце даволі актыўны ўдзел бяруць і калегі з Расеі.

"Рэч у тым, што ў беларускай культуры сітуацыя настолькі трагічная ў мат яікх момантах, што куды ні зірні - усюды патрэбная падтрымка. І не абавязкова яна мусіць быць фінансавай часта патрэбная маральная падтрымка ці проста салідарнасць. Энтузіястам, якія, скажам так, адракаючыся ад кірыліцы ідуць у бок лацінкі. Іх вельмі часта абвінавачваюць у тым, што яны нейкія сепаратысты і так далей. Мы ж такіх людзей цэнім",

Папулярызацыя, паводле словаў суразмоўцы, палягае ня толькі ў працы сайту. Гэта і арганізацыя па ўсёй Польшчы канцэртаў беларускіх музыкаў, і супрацоўніцтва з творчай інтэлігенцыяй, і падтрымка ўэб-майстраў ды праграмістаў.

Алесь Навіцкі асабліва падкрэслівае, што арганізацыя існуе выключна за сродкі яе ўдзельнікаў.

"Працаваць за гранты нам не цікава. У такой справе падобнага кшталту фінансаванне недапушчальнае. Усё, што мы робім, робім ад сэрца. І камерцыйнай выгады не шукаем".

Гаворачы пра перспектывы беларускай лацінкі, суразмоўца заўважае, што яны:

"Такія ж, як і ў беларускай кірыліцы. Калі знікне адно, то знікне і другое. Лацінка - гэта частка арганізму беларускай мовы. Таму ўсё тут узаемазвязана".

Наколькі папулярная беларуская лацінка сярод саміх беларусаў? Алесь Навіцкі лічыць, што:

"Людзі да гэтага па-рознаму падыходзяць. Калі разглядаць гэта з агульнабеларускага ракурсу, то цікаўнасць да беларускай мовы -- на ўзроўні сацыялагічнай памылкі. Што ўжо тут казаць пра беларускую лацінку... Гэта ў шмат разоў яшчэ больш нізкая цікаўнасць. Мы не разлічваем, што "Советская Белоруссия" заўтра пачне выходзіць на лацінцы. Мы не імкнемся да гэтага. Мы проста хочам падтрымаць тое, што ёсць, той стан, які ёсьць на сённяшні дзень, захаваць і несці гэта далей. Наша глабальная мэта, місія -- менавіта папулярызацыя і падтрымка лацінкі".