1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

А. Мілінкевіч: "Улада баіцца, што будзе пэўная альтэрнатыва"

Беларускія ўлады працягваюць рабіць усё, каб перашкодзіць сустрэчам з жыхарамі рэгіёнаў лідэра Руху За свабоду Аляксандра Мілінкевіча.

default

З-за перашкодаў уладаў не адбыліся сустрэчы Мілінкевіча з жыхарамі Мастоў і Гародні. У адзін дзень лідэра Руху За свабоду двойчы затрымлівала міліцыя. Першае затрыманне адбылося падчас сустрэчы з мастаўчанамі. Сведка гэтых падзей, актывіст Руху За свабоду Павал Мажэйка паведаміў, што ніякіх абвінавачванняў затрыманым міліцыя не прад’явіла, але нават пасля гэтага супрацоўнікі Мастоўскага РАУС пэўны час не выпускалі аўтамабіль Мілінкевіча з пастарунку.

”Міліцыя ўстала літаральна “жывым шчытом”. Кажуць, што мы не маем права, за што вас затрымаць, але ў нас ёсць загад – не выпускаць вас з Мастоў, праз нас не праедзеце. У Мастах затрымалі Мілінкевіча і двух заяўнікаў сустрэчы – Зміцера Кухлея, дэпутата Мастоўскага мясцовага савета і актывіста Язэпа Палубятку. Таксама быў затрыманы і журналіст прэс-службы Мілінкевіча Арцём Лява”.

"Крадзеныя" прычыны

Пазней усіх затрыманых у Мастах міліцыя ўсё ж такі адпусціла. Але служба аўтаінспекцыі Гарадзенскага раёна затрымала машыну Аляксандра Мілінкевіча па дарозе на Гародню, куды ён ехаў на запланаваную сустрэчу з гарадзенцамі. “З Мастоў нас выпусцілі роўна ў 16.30, калі павінна была пачацца сустрэча ў Гародні. Але ў Свіслачы нас зноў затрымалі, сказалі, што машына, на якой едзем, нібыта крадзеная. Забралі дакументы ў Мілінкевіча і пад кантролем міліцыі павезлі ў аддзел Гарадзенскага раёна”, - распавёў Павал Мажэйка.

Дзяжурны Гарадзенскага РАУС пацвердзіў факт знаходжання групы Аляксандра Мілінкевіча ў пастарунку: ”Машина не задержана, и они не задержаны – они просто доставлены, вопрос какой-то возник по какому-то делу. Их опросят и отпустят, я вам даю слово офицера”.

Сарваная сустрэча

Недасведчанаму складана ўявіць, чым па сутнасці адрозніваюцца "затрыманне" і "дастаўка ў міліцыю". Апазіцыянераў сапраўды адпусцілі, але толькі праз дзве гадзіны пасля допыта па крымінальнай справе аб крадзяжу залатых вырабаў і паляўнічай зброі. Пры гэтым затрыманыя адмовіліся даваць паказанні.

А сустрэча з гарадзенцамі, якая мела адбыцца ў гэты дзень, была сарваная. Паводле сведкаў, на прызначаны час на цэнтральнай плошчы ў Гародні пачалі збірацца жыхары. “Па перыметру плошчы стаялі міліцыянты і некалькі чалавек ў штатскім і чакалі прыкладна гадзіну-паўтары. Было зразумела, што Мілінкевіч ужо не прыедзе да нас. А потым пачалі людзі разыходзіцца”.

Спецыфічныя адносіны

На працягу ўсёй паездкі па рэгіёнах Аляксандра Мілінкевіча рабіліся ўсялякія перашкоды. Невядомыя двойчы прабівалі колы аўтамабіляў сябраў Руху За свабоду, а ў Слоніме і Берштах таксама невядомыя хуліганы залілі машыны чырвонай і зялёнай фарбай. Але міліцыя, замест таго, каб лавіць злачынцаў, палявала на лідэра Руху За свабоду. А мясцовыя ўлады адмаўлялі ў памяшканнях для сустрэч.

Чаму так палохаюць ўлады вашы суразмовы з грамадзянамі, запыталася я ў Аляксандра Мілінкевіча? “Я думаю, што гарадзенскія ўлады маюць спецыфічныя адносіны да мяне, бо я з Гародні, таму такая гістэрыя і злосць. Усё гэта прывяло да таго, што любой цаной, любымі парушэннямі закона не хацелі пускаць у Гародню, - кажа Аляксандр Мілінкевіч. - Улада адвучылася сама размаўляць з людзьмі. Няма дыялога - ні на тэлебачанні, ні паміж парламентам, ні паміж мясцовай уладай. Паколькі няма ўмення размаўляць, улада баіцца, што будзе пэўная альтэрнатыва. І яна ёсць. І трэба размаўляць, і будзем размаўляць. Бо без дыскусіі і дыялога не будзе нармальнага грамадства”.