1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Арышт за “Расіі – не, Еўропе – так!”

На 10 сутак асуджана актывістка грамадзянскай кампаніі “Джынс за свабоду” Паліна Кур’яновіч за спробу правесці ля расійскай амбасады пікет на Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі пад лозунгам “Расіі – не,Еўропе – так!”

default

2 красавіка ля дыпламатычнай місіі Расійскай Федэрацыі каля дзесятка маладых людзей спрабавалі выказаць свой пратэст супраць магчымай інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі. Міжтым, правесці паўнавартасную акцыю ім не далі амапаўцы – яны разагналі маладзёнаў, а Паліну Кур’яновіч і Паліну Дзьякаву затрымалі.

Апошнюю адпусцілі праз тры гадзіны, паколькі яна непаўнагадовая, а Кур’яновіч правяла ноч да суда ў турме на вуліцы Акрэсціна. Прысуд – 10 сутак адміністратыўнага арышту за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП РБ) - вынесла суддзя суда Цэнтральнага раёну сталіцы Таццяна Паўлючук.

Як паведаміў DW-RADIO каардынатар кампаніі “Джынс за свабоду” Павал Юхневіч, і сам суд, і паўторнае этапаванне актывісткі ў турму адбываліся ў незразумелай спешцы.

“Улады зрабілі ўсё магчымае, каб не даць нам неяк падтрымаць Паліну, таму што ўжо ў 9.15 раніцы, пры тым, што суд пачынае працаваць а 9-й ранку, Паліну ўжо асудзілі, звезлі з суда. Напэўна, баяліся, што прыйдуць людзі яе падтрымаць. Зараз яна на Акрэсціна. На нашых актівістаў, якія павезлі ёй перадачу, падышлі супрацоўнікі міліцыі – не супрацоўнікі Акрэсціна, яны сказалі, што з Кастрычніцкага раёну, правяралі ў іх сумкі і дакументы”.

Паводле словаў Павала Юхневіча, з боку прадстаўнікоў улады ўсё рабілася дзеля таго, “каб зламаць Паліну псіхалагічна, маўляў, глядзі, твае сябры на цябе забыліся і гэтак далей. Але я думаю, што ў іх нічога не атрымаецца, бо Паліна ўжо не адзін раз была на Акрэсціна, і я па сваім досведзе магу сказаць, што чалавек, які праходзіць праз турму, робіцца толькі больш мацнейшы”.

Юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч так ацаніў дзеянні і прадстаўнікоў праваахоўных органаў падчас затрымання, і судзі Паўлючук.

“Такія дзеянні міліцыі мы расцэньваем як парушэнне правоў чалавека на мірныя сходы і выражэнне свайго меркавання. А 10 сутак для дзяўчыны – на жаль, гэта апошнім часам сталася звыклай практыкай, суддзі не надта зважаюць, хто перад імі знаходзіцца – дзяўчына ці хлопец. А ў такіх умовах, якія ёсць на Акрэсціна, дзяўчыне будзе вельмі цяжка”.