1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Апошні фігурант "Справы 14" змешчаны ў следчы ізалятар

27 кастрычніка ў Мінску быў затрыманы і змешчаны ў следчы ізалятар апошні фігурант "Справы 14", актывіст кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Аляксандр Баразенка.

default

Пад час самага рэзананснага судовага працэсу гэтага года, у выніку якога крымінальнае пакаранне панеслі больш за дзесяць удзельнікаў студзеньскае акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, Баразенка знаходзіўся ў Польшчы, дзе навучаецца ў адной з ВНУ.

27 кастрычніка маладзён разам з адвакатам Паўлам Сапелкам добраахвотна наведаў Следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкаму, каб расставіць усе кропкі над "І", аднак следчы Міхалькевіч заявіў, што Баразенка ўхіляецца ад яўкі да следчага, за што 12 траўня 2008 года была прынятая пастанова аб узяцці актывіста пад варту, і ён быў абвешчаны ў вышук. У звязку з гэтым Аляксандра Затрымалі і памясцілі ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Па словах юрыста Валянціна Стэфановіча, беларускія праваабаронцы лічаць пераслед актывістаў па гэтай справе палітычна матываваным. "У дадзеным выпадку мы маем справу з пераследам за тое, што грамадзяне нашае краіны рэалізавалі сваё права на мірныя сходы і на свабоду выражэння сваіх меркаванняў. Тая акцыя насіла выключна мірны характар".

Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення Аляксандра Баразенкі са следчага ізалятара і спынення крымінальнага пераследу. На думку Валянціна Стэфановіча, аднак, вельмі дзіўна, што пераслед апазіцыйных актывістаў працягваецца на фоне новых стасункаў Беларусі з Еўразвязам, апасля таго, калі нават былі адмененыя некаторыя санкцыі. (гк)

Контекст