1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Амерыканскі дыпламат вывучаў сітуацыю ў Беларусі

22 жніўня намеснік памочніка Дзяржсакратара ЗША па Еўропе і Азіі Дэвід Мэркель сустрэўся з лідэрамі беларускіх дэмакратычных сілаў і кіраўнікамі беларускіх праваабарончых і грамадскіх арганізацыяў.

default

У часе свайго візіту ў Беларусь амерыканскі дыпламат таксама правёў перамовы з міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым і кіраўніцтвам беларускага Цэнтравыбаркаму.

Што да сустрэчаў Дэвіда Мэркеля з афіцыйнымі беларускімі асобамі, то інфармацыі пра змест гэтых сустрэчаў амаль няма. Як паведаміла прэс-служба беларускага Міністэрства замежных справаў па выніках перамоваў Дэвіда Мэркеля з кіраўніком МЗС Сяргеем Мартынавым, "падчас сустрэчы быў дэталёва абмеркаваны ўвесь спектр беларуска-амерыканскіх адносінаў. Суразмоўцы абмеркавалі таксама шляхі і крокі паляпшэння гэтых адносінаў".

Пажадаў свабодных выбараў

Не нашмат больш падрабязнасцяў з’явілася і пасля сустрэчы прадстаўніка Дзярждэпартамента ЗША ў прысутнасці часовага паверанага ў справах Злучаных Штатаў у Беларусі Джонатана Мура ў беларускім Цэнтравыбаркаме.

Як паведаміў журналістам сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, “у сваіх пытаннях госці папрасілі дэталізаваць некаторыя аспекты розных этапаў выбарчай кампаніі: фармавання выбарчых камісіяў, вылучэння кандыдатаў, іх рэгістрацыі, забеспячэння доступу кандыдатаў да СМІ, дзейнасць унутраных назіральнікаў, правоў і паўнамоцтваў міжнародных назіральнікаў, працэсу галасавання, у тым ліку датэрміновага”.

Паводле словаў Лазавіка, Мэркель пажадаў, каб выбары прайшлі свабодна і дэмакратычна. “Больш канкрэтных пажаданняў і просьбаў не было”, - заявіў сакратар ЦВК.

Няма сістэмных крокаў

Што да сустрэчы Мэркеля з лідэрамі апазіцыі і кіраўнікамі грамадскіх і праваабрончых арганізацыяў, то тут яснасці больш. Як паведаміў першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Спадар Мэркель, у першую чаргу, цікавіўся нашай думкай пра сітуацыю ў Беларусі, прычым, што вельмі важна, не толькі пра выбарчую, але і пра агульную сітуацыю. І мы, падзякаваўшы Злучаным Штатам за цвёрдую і паслядоўную пазіцыю ў пытанні вызвалення палітычных вязняў з міжнароднага спісу, разам з тым звярнулі ўвагу, што гэтае вызваленне не падмацаванае іншымі сістэмнымі крокамі, такімі, як змена крымінальнага, медыйнага заканадаўства ў дэмакратычны бок”.

Удзельнікі сустрэчы таксама паведамілі Дэвіду Мэркелю, што пад пагрозаю зняволення знаходзяцца дзесяць актывістаў, асуджаных на абмежаванне волі за ўдзел у студзеньскіх акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.

Як адзначыў Вінцук Вячорка, “мы прынцыпова раздзяляем вызваленне трох палітычных вязняў з міжнароднага спісу і тактыку ўладаў, паводзіны ўладаў у выбарах, якія абсалютна нічым не лепш, а нават горш, чым у 2004 годзе. Спадар Мэркель падкрэсліў, што яны таксама чакаюць ад уладаў наступных крокаў і што яны таксама вельмі ўважліва назіраюць за паводзінамі ўладаў у рамках выбарчае кампаніі і згодныя з тым, што сёння нішто не сведчыць пра іхную рэальную дэмакратызацыю”.

Зрошчванне медыяў і ўлады

У часе сустрэчы была закранутая і тэма актуальнага стану мас-медыяў у Беларусі.

“Цяжка разлічваць на нейкія змяненні, звязаныя з дэмакратызацыяй нашага грамадства, пакуль будзе захоўвацца свядомая, цвёрдая, мэтанакіраваная палітыка ўлады ў дачыненні да свабоды слова, да сродкаў масавай інфармацыі, - даводзіла Дэвіду Мэркелю старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна. - А сутнасць гэтай палітыкі ў тым, што сёння амаль завершаныя працэсы зрошчвання органаў дзяржаўнага кіравання з манапалізаванымі СМІ”.

Як адзначала на сустрэчы кіраўнік БАЖ, “СМІ ў Беларусі сёння не ў стане у поўнай меры выконваць свайго канстытуцыйнага прызначэння – свабодна збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, і сродкі масавай інфармацыі, на жаль, пакуль ніякім чынам не ўплываюць на грамадскую думку”.

Таянне палітычнага ільда

Як ацэньвае сам факт візіту ў Беларусь Дэвіда Меркеля палітолаг Аляксандр Класкоўскі, “натуральна, тут чакаць нейкіх цудадзейных зменаў не выпадае, і заявы самога Мэркеля, і іншых прадстаўнікоў Вашынгтона былі дастаткова стрыманыя, аднак гэта менавіта мэсыдж беларускаму кіраўніцтву, што яно ўзяло правільны кірунак, і такое заахвочванне да далейшых крокаў”.

Дарэчы, у дзень, калі Дэвід Мэркель прыляцеў у Мінск, прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту Роберт Вуд заявіў у Вашынгтоне, што Злучаныя Штаты бачаць магчымасць для рэальнага паляпшэння стасункаў з Беларуссю.

Контекст