1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Аляксандру Казуліну прадастаўлены трохдзённы тэрмін для развітання з памерлай жонкай

Палітыка вызвалілі для ўдзелу ў пахаваннях жонкі Ірыны. Падтрымку яму аказвала дэмакратычная грамадскасць, а таксама еўрапейскія структуры.

default

Рашэнне пра вызваленне Аляксандра Казуліна на тры дні было прынятае ўвечары ў панядзелак, а ўжо а першай гадзіне ночы ў мінскую кватэру палітыка на ўласным аўтамабілі асабіста даставіў начальнік віцебскае калоніі падпалкоўнік Агнісцікаў, які першапачаткова адмаўляўся адпусціць Казуліна на пахаванні жонкі.

Арганізатар пахавання

Як паведаміў “Нямецкай хвалі” былы адвакат экс-кандыдата на прэзідэнта і яго намеснік па Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч, родныя ўжо ведалі па ходзе, і яго з радасцю сустракалі дочкі, брат і іншыя людзі.

Аляксандр Казулін адразу сам заняўся арганізацыяй пахаванняў жонкі. Начальства Усходніх (Маскоўскіх) могілак адмовіла ў прадастаўленні месца пад дамавіну для Ірыны Іванаўны, таму Аляксандр Казулін, а таксама некаторыя актывісты дэмакратычных партыяў і арганізацыяў, вядомыя ў краіне асобы таксама звярнуліся да вышэйшага кіраўніцтва краіны з просьбай дазволіць пахаваць жонку палітыка менавіта там. Адказ стане вядомы пазней.

Развітанне з Ірынай Казулінай пачалося ўвечары ў аўторак у Чырвоным касцёле на сталічнай Плошчы Незалежнасці і працягнецца да 12-ці гадзінаў серады. Паводле Ігара Рынкевіча, “Ірына Іванаўна была каталічкай, галава Каталіцкае царквы ў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заявіў аб сваім магчымым удзеле ў жалобнай рытуальнай дзеі, што падкрэслівае значнасць Ірыны Іванаўны”.

Не скарыўся, не азлобіўся

Што да самога палітвязня, то, як адзначае Ігар Рынкевіч, многія здзіўленыя тым, што Аляксандр Казулін, знаходзячыся ў найцяжэйшых умовах, не азлобіўся, не зрабіўся помслівым, выкладае ўсё рацыянальна і дакладна. Ён кажа пра тое, што павінныя быць вызваленыя ўсе палітзняволеныя, што будзе вызвалены ён сам, бо настойвае на тым, што сам незаконна асуджаны. Казулін настойвае на вызваленні актывіста Андрэя Кіма.

З самага ранку 26 лютага Аляксандр Казулін наведаў родныя мясціны жонкі і сустрэўся з яе старэнькай маці Данутай Вінцэнтаўнай. А ўжо ўдзень адбылася сустрэча палітыка з амбасадарамі краінаў Еўразвязу і ЗША. Паводле словаў лідэра Руху “За Свабоду!” Аляксандра Мілінкевіча, не ў апошнюю чаргу менавіта міжнародны ўціск спрыяў таму, што Казулін атрымаў магчымасць развітацца з жонкай.

“Я ўпэўнены, што перш за ўсё дапамаглі гэтаму салідарнасць як унутры краіны, гэтак і за межамі, гэта таксама выдатная падтрымка дыпламатычных місіяў, што ёсць тут, падтрымка Еўрапарламента. Нажаль, улада не скарысталася з магчымасці прадэманстраваць, што яна лібералізуецца, дэмакратызуецца, робіцца больш чалавечнай, і сама не зрабіла гэтага, а толькі пад уціскам”.

Змагацца за вызваленне

Што тычыцца магчымасці поўнага вызвалення Аляксандра Казуліна, то, як мяркуе Аляксандр Мілінкевіч, чакаць трэба, верыць трэба, але больш за ўсё трэба змагацца. “Таму што Казулін мусіць быць на волі, ён незаконна пасаджаны, ён вязень сумлення, і ў гэтым ніхто з нармальных людзей не сумняваецца. Трэба настойваць на гэтым, і мы будзем гэта рабіць”.

Контекст