1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Акцыя "Маладога фронту" "Спяшайся рабіць дабро"

"Малады фронт" распачаў дабрачынную калядную кампанію "Спяшайся рабіць дабро", што стартавала 20 снежня ладжаным у сядзібе БНФ кірмашом, сродкі з якога пойдуць дзіцячым дамам і школам-інтэрнатам для дзяцей-сірот.

default

Калядная кампанія "Спяшайся рабіць дабро" "Маладога фронта"

Зарэгістраваны ў Чэхіі беларускі "Малады фронт" у мінулую суботу дабрачынным кірмашом, сродкі ад якога пойдуць у дзіцячыя дамы і школы-інтэрнаты для дзяцей-сірот, распачаў калядную кампанію "Спяшайся рабіць дабро". Акцыя прайшла ў сядзібе Беларускага народнага фронту. Цягам некалькіх тыдняў да суботняй імпрэзы актывісты "Маладога фронту", пераважна дзяўчаты сваімі рукамі выраблялі розныя сувеніры, вязалі шалікі і пальчаткі, майстравалі елачныя цацкі - усё гэта было выстаўлена і прадавалася на кірмашы.

Як адзначыла адна з арганізатараў акцыі Наста Палажанка, падрыхтоўка да гэтага каляднага фэсту ішла даволі складана, вымагала шмат часу. "Мы рабілі "складнік патрэбаў" па ўсіх дзіцячых дамах, абтэлефаноўвалі іх, заходзілі на іх сайты, і пасля гэтыя патрэбы мы размяшчалі ў інтэрнеце і заклікалі людзей прыносіць пэўныя рэчы", - паведаміла намесніца старшыні "Маладога фронту".

Па словах Насты Палажанкі, людзі, якія хацелі дапамагчы, прыносілі пэўныя рэчы па патрэбах, сродкі асабістай гігіены, кнігі, лялькі. "Яны маюць жаданне дапамагаць, накіраваць каму-небудзь сваю любоў, і мы даем гэтым людзям магчымасць рэалізавацца", - сказала актывістка.

Галоўнае – чалавечая цеплыня

Адкрываючы імпрэзу, лідэр маладафронтаўцаў Зміцер Дашкевіч падкрэсліў, што галоўнае – гэта не сабраныя грошы, якія будуць перададзены дзецям, і не цацкі ды іншыя падарункі.

"У першую чаргу, важна чалавечае цяпло, якога так не хапае дзеткам, што знаходзяцца ў школах-інтэрнатах. І калі калядныя святы, калядная ноч у кожнага асацыюецца з сям’ёю, з сямейным цяплом, то ў гэтых дзяцей, на вялікі жаль, не хапяе сем’яў, не хапае гэтага цяпла", - сказаў Зміцер Дашкевіч.

Таму, па словах юнака, з 25 снежня да 7 студзеня – ад каталіцкіх калядаў да праваслаўных маладафронтаўцы будуць наведваць дзіцячыя ўстановы ў Мінску і іншых гарадах Беларусі і перадаваць дзецям падарункі, сярод якіх - і дыскі з беларускай музыкай, казкамі, дзіцячымі мастацкімі і мультфільмамі, і нават аўдыёплэеры ды якасная вопратка.

Бы старэйшыя браты і сёстры

Па словах актывісткі арганізацыі Таццяны Шапуцькі, маладафронтаўцы яшчэ да гэтай імпрэзы наведалі асобныя дзіцячыя ўстановы. "Мы ўжо адносілі ў некаторыя дзіцячыя дамы кніжкі, у двух дзіцячых дамах прымалі іх з вялікай асалодай, дзеці былі вельмі рады, бо такіх кніг вельмі бракуе, – кажа дзяўчына. - У адным дзіцячым доме нам адмовілі ў сустрэчы з выхаванцамі, сказалі, што менавіта ў гэты дзень у дзяцей пачаўся каранцін, але самі выхавацелі ўсё прымаюць з вялікім задавальненнем, ім прыемна адчуваць, што хтосці звяртае на іх увагу, бо зараз многія дзіцячыя дамы знаходзяцца ў заняпадзе".

На дабрачынным кірмашы былі не толькі маладзёны, але і людзі старэйшага пакалення. "Дужа прыемна тут, так па-сямейнаму, аўра, як цяпер кажуць, такая дадатная, - сказала жанчына пенсійнага веку. - Вельмі кранальна, што яны, як старэйшыя браты і сёстры, робяць нешта прыемнае і добрае для гэтых бедных дзетак".

Арганізатары дзякавалі прысутных за ахвяраванні і частавалі ўсіх гарбатай з печывам і цукеркамі. Пры канцы імпрэзы перад гасцямі і ўдзельнікамі выступілі гомельскі бард Андрэй Мельнікаў і вядомы рок-музыкант Піт Паўлаў.

Генадзь Канстанцінаў

Контекст