1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

АДС рыхтуюцца да выбараў

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы працягваюць падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў. На паседжанні Палітрады АДС зацверджаны адзіны спіс кандыдатаў у акруговыя выбаркамы, разгледжаны пытанні, звязаныя з кампаніяй.

default

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) рыхтуюцца да парламенцкіх выбараў. На апошнім паседжанні Палітрады АДС быў зацверджаны адзіны спіс кандыдатаў у акруговыя выбаркамы, а таксама разгледжаны шэраг пытанняў, звязаных з будучай кампаніяй.

Хто ў спісе

Што да патэнцыйных сябраў акруговых выбарчых камісіяў, то сустаршыня АДС Сяргей Калякін адзначыў: “Да складання спісу прэтэндэнтаў у выбаркамы мы падыйшлі, шчыра скажу, палітычна: мы ўключылі туды людзей, якія маюць досвед дзяржаўнага кіраўніцтва. Напрыклад, туды ўваходзяць Станіслаў Шушкевіч, Станіслаў Багданкевіч, былыя мэры гарадоў, дэпутаты Вярхоўнага Савету і нават некаторыя цяперашнія дэпутаты мясцовых саветаў”.

У кожную з акруговых камісіяў АДС прапануе па адным кандыдаце, але, па словах першага намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, гэтыя людзі не будуць проста статыстамі.

“У спіс уключаныя людзі, якія могуць і ўмеюць запатрабаваць выканання закону. Скажам, Валянцін Стэфановіч, які ўдзельнічаў у пяці ці шасці міжнародных назіральных місіях, у тым ліку на пост’югаслаўскай тэрыторыі, у цэнтральнаазіяцкіх краінах, дзе сітуацыя ў чымсці параўнальная з нашай”.

Як адзначыў палітык, сябры акругкамаў на выбарчай кампаніі маюць працаваць у звязку з іншымі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў.

“Мы ж таксама будзем вылучаць людзей у ўчастковыя камісіі і назіральнікаў. Гэта значыць, сябра акруговай камісіі абавязкова будзе падмацаваны (у выпадку, калі ён туды патрапіць) шэрагам людзей на іншых роўнях усяго гэтага механізму. У тым разе, калі яны дэ-факта альбо сілаю будуць адхіленыя ад кантролю за тым, што адбываецца, пазбаўленыя магчымасці рэальна працаваць і ў акруговай камісіі, і выязджаць у ўчастковую, то мы будзем прадпрымаць пэўныя крокі”.

Супраць датэрміновага галасавання

Адказваючы на пытанне DW-RADIO датычна датэрміновага галасавання, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што ў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў выпрацавана агульнае стаўленне да гэтага пытання, а менавіта што такі від галасавання мусіць быць скасаваны. Гэты падыход, нагадаў Анатоль Лябедзька, замацоўваўся ў прапановах, якія былі распрацаваныя рабочай групаю Нацыянальнага камітэту і перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў, адкуль, на вялікі жаль, прыйшла адмова, таму змагацца з датэрміновым галасаваннем застаецца выключна інфармацыйна.

“Мы можам толькі інфармаваць грамадзян Рэспублікі Беларусь, што той, хто галасуе датэрмінова, не мае абсалютна ніякіх гарантыяў, што ягоны голас будзе ўлічаны. Іншага выйсця, як з гэтым змагацца, няма, бо гэта ўсё знаходзіцца ў руках выканаўчае ўлады, і урны для галасавання некалькі дзён знаходзяцца абсалютна без кантролю”.

Лідэр АГП ўпэўнены, што “вялікі працэнт прагаласаваўшых датэрмінова ёсць ускосны паказчык таго, што ўлада збіраецца прызначаць, а не выбіраць дэпутатаў”.

Сустаршыня Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Вінцук Вячорка адзначыў, што пра пазіцыю і дзеянні АДС на восеньскай выбарчай кампаніі інфармаваныя міжнародныя структуры, у тым ліку і падчас Парламенцкай канферэнцыі, якая днямі адбылася ў Бруселі з удзелам дэпутатаў Еўрапейскага Парламента і дэлегацыі АДС:

“Вельмі важна цяпер тое, што мы зрабілі свой захад: у нас ёсць адзіны спіс кандыдатаў і адзіны спіс прэтэндэнтаў у камісіі. Цяпер чарга ўлады. Мы і падчас сваіх выступаў на апошняй канферэнцыі, і падчас размовы з прэзідэнтам Еўрапарламента спадаром Пётэрынгам гаварылі, што выкананне згаданых умоваў ёсць абавязковы варунак для папярэдняга прызнання шансу, што выбары могуць стаць свабоднымі і справядлівымі”.

Контекст