1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

АДС вагаюцца наконт фармату далейшага ўдзелу ў выбарах

31 жніўня кааліцыі Аб’яднаных дэмсілаў не атрымалася на пашыраным паседжанні Палітрады АДС з удзелам кандыдатаў у дэпутаты з адзінага спісу канчаткова вызначыцца з фарматам далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

default

На нядзельным паседжанні палітрады АДС выступалі не толькі чальцы кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Лідэр “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч яшчэ раз патлучамыў пазіцыю сваёй арганізацыі аб неабходнасці байкоту выбарчае кампаніі. Аднак, чаканага канкрэтнага рашэння Палітрады АДС, спыніць яна свой удзел у выбарах ці працягне барацьбу да канца, не адбылося.

“Рэч у тым, што некаторыя партыі загадзя прынялі свае рашэнні – гэта Партыя камуністаў Беларуская, якая настроеная на безумоўны ўдзел да канца, і Партыя БНФ, якая на сваім учорашнім Сойме вырашыла здымаць кандыдатаў 23-га верасня, калі не будзе зменаў з боку ўлады, - адзначыў сустаршыня Палітрады АДС Вінцук Вячорка. – І таму натуральным рашэннем тут, найбольш блізкім да кансэнсусу, было адкласці фінальную пастанову на 21-га верасня”.

Непрацаздольная кааліцыя?

Каментуючы адсутнасць канкрэтнага выніку пашыранага паседжання Палітрады АДС, каардынатар кампаніі “За свабодныя выбары” Віктар Карняенка падксрэсліў: “Сустаршыні павінны былі знайсці агульнае кансалідаванае рашэнне, а не хавацца за калегіяльныя рашэнні сваіх партыяў. Відавочна, што роля кіраўніка палітычнай партыі сёння вызначальная – як ён скажа, так і будзе. Перш чым выносіць гэтае пытанне на Палітраду, трэба было знайсці агульную мову ўсім сустаршыням. Калі яе няма, то гэта сведчыць пра тое, што кааліцыя непрацаздольная”.

Віктар Карняенка таксама скрытыкаваў тых удзельнікаў АДС, хто цяпер выступае за байкот парламенцкіх выбараў. “Я згодзен з тымі, хто лічыць, што сёння заяўляць пра байкот немагчыма, таму што ўжо быў удзел у кампаніі, і зараз можна весці размову толькі пра зняццё кандыдатаў”.

Паводле Вінцука Вячоркі, гэтага зняцця можа не адбыцца толькі пры выкананні ўладамі некалькіх умоваў: “Гэта аднаўленне рэгістрацыі бальшыні сяброў спісу АДС і, што значна важна, уключэнне нашых сяброў ва ўчастковыя камісіі. Без участковых камісіяў не мае ніякіх шансаў ніхто, хто спадзяецца на сумленныя, свабодныя і справядлівыя выбары”.

Найважна – участковыя камісіі

Як адзначыў першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, “у выпадку невыканання ўладамі гэтага пункту тое сцверджанне, якое зафіксавана сёння ў дакуменце, што выбары ўжо сёння не могуць быць свабоднымі і справядлівымі, толькі атрымае качатковае пацверджанне, і нават найбольш мяккія і схільныя да кампрамісу назіральнікі з заходніх краінаў будуць змушаныя гэта прызнаць”.

Варта адзначыць, што не толькі сябры Партыі камуністаў Беларускай маюць намер ісці да канца, незалежна ад рашэння Палітрады АДС. Такі ж намер маюць і некаторыя кандыдаты ў дэпутаты ад іншых суб’ектаў кааліцыі, у тым ліку ад Партыі БНФ, сацыял-дэмакраты і сябры АГП. Так што і 21 верасня, як адзначаюць эксперты, адзінага рашэння наконт зняцця ўсіх кандыдатаў са спісу АДС прынята, хутчэй за ўсё, не будзе.