1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Адной з крынiц фінансавання БРСМ мае быць новая латарэя

Днямі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб заснаванні рэспубліканскай моладзевай электроннай грашова-рэчавай тыражнай латарэі "Юнацтва". Яе мэта: "далейшае ўдасканаленне дзяржаўнай моладзевай палітыкі"

Заснавальнікам латарэі будзе Міністэрства фінансаў, а ўсе мерапрыемствы па рэалізацыі новай латарэі - будзе здзяйсняць экскурсійна-турыстычнае ўнітарнае прадпрыемства РМЦ "Юнацтва", заснавальнікам якога з'яўляецца БРСМ – альбо, як яго клічуць у народзе, ЛУКАМОЛ. Сэнс указу Лукашэнкі будзе больш зразумелым з матэрыялу Алены Данейка.

Грамадскае аб'яднанне "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" існуе ўжо больш за тры гады. БРСМ ўтварыўся ў выніку аб’яднання "Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі" і "Беларускага саюзу моладзі". БРСМ абвясціў сябе правапераемнікам Ленінскага Камуністычнага Саюзу Моладзі Беларусі і з першых дзён існавання атрымаў магутную падтрымку з боку дзяржавы. Сёння сябры гэтай арганізацыі маюць палёгкі і перавагі ў параўнанні з актывістамі іншых моладзевых ініцыятываў.

Сродкі, атрыманыя ад новай латарэі, як гаворыцца ў рашэнні прэзідэнта, пайдуць "на статутную дзейнасць" БРСМ, на "выплату заработнай платы супрацоўнікам кіроўных органаў гэтага грамадскага аб'яднання, а таксама на выдаткі па ўтрыманні апарату яго Цэнтральнага камітэта".

Юрыст Зміцер Дабравольскі мяркуе, што нічога супрацьзаконнага ў самой ідэі няма, усё ўпісваецца ў рамкі закона аб грамадскіх арганізацыях, які дае ім права засноўваць камерцыйныя прадпрыемствы. Праблемным Дабравольскі лічыць тое, што дзяржава адкрыта падтрымлівае адну моладзевую арганізацыю - БРСМ - і прадастаўляе яму манапольную і выключную магчымасць для надзвычай выгоднага бізнэсу.

Такім чынам, аб'ём дзяржаўнай дапамогі гэтай арганізацыі пашыраецца, а для астатніх грамадскіх арганізацыяў у дзяржавы ёсць толькі жорсткія санкцыі, ажно да зачынення, нагадвае Дабравольскі. Ён не сумняецца, што ўлады не падтрымліваюць першым чынам тыя грамадскія аб'яднанні, якія жадаюць садзейнічаць развіццю грамадзянскай супольнасці ў рэчышчы дэмакратычных традыцыяў.

Юрыст тлумачыць, што ў адпаведнасці з загадам Міністэрства фінансаў, латарэйнай дзейнасцю могуць займацца рэспубліканскія і мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання. Але ні адзін дзяржорган, гаворыць Дабравольскі, ніколі не заснуе латарэю, сродкі ад якой пайдуць на ўтрыманне грамадскага аб’яднання. Дабравольскі ўгледжвае дыскрымінацыю з боку дзяржавы ў дачыненні да незалежных недзяржаўных арганізацыяў. У законе ёсць механізмы, якія дазваляюць фінансаваць НДА. Але карыстацца гэтымі механізмамі дазволена толькі тым, хто працуе ў ідэалагічным напрамку, які задае дзяржава.